Алесь Круткін. Фота са старонкі ў фэйсбуку. Полацкі блогер Алесь Круткін быў затрыманы 28 лістапада і на наступны дзень пакараны судом Полацкага раёна 15 суткамі арышту. Яго пакаралі толькі за тое, што ён перапосціў у сацсетках інфармацыю з заклікам прыйсці на мітынг падчас выбараў.

Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", праваабаронца Леанід Свецік заклікае падтрымаць рэпрэсаванага па палітычных матывах актывіста.

«Салідарнасьць – вялікая каштоўнасць, асабліва ў краінах, дзе ўлады душаць сваіх палітычных апанентаў і грамадзянскіх актывістаў. Нашыя спагада і ўзаемадапамога ў значнай ступені дэвальвуюць эфэкт рэпрэсій, нівэлююць страх, рэабілітуюць у вачах грамадзтва апазыцыйна настроеных грамадзян», – піша праваабаронца.

«Таму заклікаю ўсіх неабыякавых людзей неадкладна падтрымаць грамадзкага актывіста і блогера Алеся Круткіна. Ён рэпрэсаваны па палітычных матывах і адбывае пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 15 сутак ў ІЧУ пры Полацкім раённым аддзеле міліцыі. Пішыце яму лісты, дасылайце паштоўкі і тэлеграмы!» – заклікае Леанід Свецік.

Пішыце на адрас: 

Круткіну Аляксандру Сяргеевічу, вул. Кастрычніцкая, 60, г. Полацак, 211400, ізалятар часовага ўтрыманьня РАУС Полацкага раёну.

Крыніца: Віцебскі праваабаронца заклікаў падтрымаць блогера Алеся Круткіна