Мінск, 2 снежня 2019 г.

17 лістапада 2019 г. у краіне прайшлі выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання.

Па выніках ажыцяўлення незалежнага назірання за ўсімі этапамі выбараў мы, прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, прыйшлі да высноваў аб тым, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ў цэлым не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Правядзенне выбараў ў цэлым не прывяло да значнага роста рэпрэсій у краіне, што было адзначана намі, як станоўчы факт.

Аднак, як нам стала вядома, у перыяд пасля заканчэння выбараў былі распачатыя адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні больш чым двадцаці актыўных удзельнікаў пратэстных мірных акцый, якія адбываліся ў г. Мінску ў перыяд электаральнай кампаніі, ў тым ліку ў дачыненні да грамадзянаў, якія непасрэдна прымалі ўдзел у выбарах у якасці кандыдатаў у дэпутаты, давераных асобаў, сябраў ініцыятыўных груп.  

Мы адзначаем, што пераслед грамадзянаў за мірную рэалізацыю імі асноўных палітычных і грамадзянскіх правоў у перыяд правядзення выбараў з’яўляецца нічым іншым, як парушэннем правоў чалавека і непрыхаванымі палітычнымі рэпрэсіямі ў поствыбарчы перыяд, і яшчэ больш падкрэслівае недэмакратычны характар сёлетняй электаральнай кампаніі.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, выказваем свой пратэст і патрабуем ад уладаў Рэспублікі Беларусь неадкладнага спынення рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыйных партый і рухаў.

У чарговы раз заклікаем улады да выканання сваіх абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, якія вынікаюць з ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь міжнародных нормаў, Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правоў  у прыватнасці.

"Праваабронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: “Праваабаронцы за свабодныя выбары” выказваюць пратэст у сувязі з ростам рэпрэсій у поствыбарчы перыяд