Праваабаронца ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч застаўся незадаволены адказам Пракуратуры Заводскага раёну г. Мінска.

Раней ён накіроўваў заяву з нагоды прымусу да датэрміновага галасавання студэнтаў з боку выкладчыцы БДЭУ Аксаны Аніскевіч.

“Гэта цалкам незаконна, таму што Канстытуцыя і Выбарчы Кодэкс гарантуюць права выбаршчыкаў свабодна ўдзельнічаць у выбарах,  — пракаментаваў праваабаронца. — Тым больш, студэнты знаходзяцца ў пэўным падпарадкаванні адміністрацыі універсітэту і маглі ўспрыняць гэта як абавязковы загад, бо выкладчыца сказала, што гэта ўсё «адсочваецца»”.

Цікава, што згодна заканадаўству, заявы ў Пракуратуру па выбарчых пытаннях павінны разглядацца цягам трох дзён, калі ў гэты час ідзе выбарчы перыяд. Выключэнне – цягам дзесяці дзён, калі справа патрабуе дадатковай праверкі. Валянціну Стэфановічу адказалі праз дзесяць дзён. Але ў адказе пракурора Заводскага раёну А. Млявага нічога не напісана пра правядзенне праверкі. Затое заяву праваабаронцы … перанакіравалі рэктару БДЭУ Вячаславу Шуціліну, каб той “разглядзеў зварот і прыняў меры”.

Валянцін Стэфановіч з гэтым пагадзіўся па шэрагу прычын:

“Па-першае, рэктар БДЭУ, відавочна, не надзелены паўнамоцтвамі праводзіць пракурорскія праверкі, — тлумачыць праваабаронца. — А я прасіў правесці менавіта яе, таму што менавіта пракуратура – гэта орган, які ажыццяўляе нагляд за выкананнем законнасці, а не рэктар БДЭУ. Асабліва, калі гэта датычыцца канстытуцыйных і выбарчых правоў, а не нейкіх там пытанняў навучання.

Па-другое, заканадаўства забараняе перанакіроўваць заявы ў орган, дзеянні якога абскарджваюцца. Фактычна я  абскарджваў дзеянні адміністрацыі ўніверсітета, дзе ставіў пытанне аб тым, што неабходна праверыць інфармацыю аб наяўнасці так званага “кантролю” за галасаваннем з боку адміністрацыі ўніверсітэта. Аніскевіч як выкладчыца БДЭУ падпарадкоўваецца адміністрацыі БДЭУ, і таму рэктар універсітэту не можа аб’ектыўна ацаніць яе дзеянні”.

Таму Валянцін Стэфанові палічыў адказ пракурора незаконным і нават абуральным. Ён паскардзіўся ў пракуратуру з патрабаваннем разглядзець па сутнасці яго першапачатковую заяву, а пракурора В. Млявага, які гэтага не зрабіў, прыцягнуць да адказнасці. Скарга будзе разглядацца ўжо цягам месяца, бо выбарчы перыяд скончыўся.

Крыніца: Хто павінен разглядаць факты “загонаў” студэнтаў? Адказала пракуратура Дакумент