У Шведскай амбасадзе 25 лістапада прайшоў адмысловы сняданак са шведскай дэлегацыяй, якую узначальвала міністэрка замежных спраў Ан Ліндэ. Яна прыехала ў Беларусь з афіцыйным візітам упершыню за некалькі дзесяткаў гадоў. Швецыя вельмі зацікаўлены ў тым, каб пачуць голас грамадскай супольнасці, у тым ліку моладзі. Таму Ан Ліндэ запрасіла на сняданак прадстаўнікоў чатырох арганізацый, якія працуюць з моладдзю: Заадзіночанне Беларускіх студэнтаў, Human constanta, Моладзевы Савет “Рада” і праваабарончы цэнтр “Вясна”, які мае моладзевае крыло: Валанцёрскую службу. Яе прадстаўляла праваабаронца Наталля Сацункевіч.
Наталля Сацункевіч распавяла пра напрамкі грамадскай дзенасці ў дачыненні да моладзі, які ажыццяўляе ПЦ “Вясна”. Па-першае, гэта грамадскі кантроль – назіранне за мірнымі сходамі. Па-другое, гэта незалежнае назіранне за выбарамі.
“Я распавяла пра парламенцкія выбары, якія прайшлі нядаўна, і тое, як іх ацанілі (недэмакратычныя, непразрыстыя, не адпавядаюць міжнародным стандатам), – кажа Наталля Сацункевіч. – А таксама пра тое, як мы “уцягвалі” моладзь у назіранне за імі. Тое, як людзі адгукнуліся, каб стаць валанцёрам-назіральнікам, добра паказвае актывізацыю грамадства. Таксама я распавяла пра тое, з чым яны сутыкаліся з-за свайго ўдзелу ў назіранні — гэта ціск на працы і вучобе”.
Ан Ліндэ запытала у праваабаронцы і пра тое, як ПЦ “Вясна” працуе з грамадскасцю ў накірунку тэмы смяротнага пакарання. Бо Беларусь усё ж такі адзіная краіна ў Еўропе, якая мае такі від кары.
“Уражанні ад сустрэчы вельмі пазітыўныя. Я рада, што шведскі бок шукае кантактаў і слухае грамадскую супольнасць. А таксама я рада таму, што Швецыя ставіць у прыярытэт пытанне правоў чалавека ў Беларусі”.
Крыніца: Моладзь і правы чалавека. Чым цікавіцца Швецыя ў Беларусі?