Берасцейцы ізноў разчаравалі кіраўнікоў горада і вобласці. Фэйкавыя заявы аб заканчэнні пратэстаў і выходзе некаторых экаактывістаў з “гульні” не паўплывалі на думкі берасцейцаў – каля 150 праціўнікаў завода АКБ сабраліся ў нядзелю на галошнай плошчы горада.
Як паведамляе “Берасцейская вясна”, “кармленне галубоў” – акцыя праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ – праходзіла пад пільным наглядам супрацоўнікаў міліцыі ў форме і без, ажыццяўлялася аператыўная відэафіксацыя працэса кармлення галубоў.
На плошчы выступілі экаактывісты Зміцер Бекалюк і Алег Вялаў. Людзей цікавіла інфармацыя аб заводзе, чаму не пусцілі на завод найбольш дасведчаных спецыялістаў Бекалюка і Дзям'яна Лепясевіча, чаму без іх на завод не пашлі іншыя экаактывісты. Абмяркоўвалася інтэрв’ю старшыні гарвыканкама Аляксандра Рагачука на заводзе АКБ.
Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі праз мегафон сабраўшыхся на плошчы аб недапушчальнасці парушэння закона аб масавых мерапрыемствах. Прысутныя адзначылі, што гэтым разам супрацоўнік міліцыі агучыў папярэджанне па памяці, без паперкі.
Між іншым, берасцейцы актыўна абмяркоўвалі вынікі парламенцкіх выбараў. Пад час абмену досведам па назіранні за працэсам падрыхтоўкі і правядзення выбараў, яны яшчэ больш пераконваліся і прыходзілі да высновы, што выбараў у краіне няма.
Крыніца: Холад не зашкодзіў праціўнікам завода АКБ выйсці на плошчу