На мінскай пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” прайшла сустрэча назіральнікаў-валанцёраў, якія прымалі ўдзел у назіранні за галасаваннем падчас парламенцкіх выбараў. Гэта была сустрэча “сярод аднадумцаў”, мэта якой – абмеркаваць агульныя ўражанні, парэфлексаваць: як прайшло назіранне і што рабіць далей?

Фота: ПЦ
Фота: ПЦ "Вясна".

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч выказаў шчырую падзяку ўсім тым, хто прыняў удзел у назіранні – як датэрміновым, так і ў асноўны дзень.

“Хоць мы і працавалі тры месяцы [аналітычны маніторынг за выбарчым працэсам – Заўв.], дзве трэці працы зрабілі вы”,  – падкрэсліў Уладзімір Лабковіч.

Уладзімір Лабковіч. Фота: ПЦ
Уладзімір Лабковіч. Фота: ПЦ "Вясна"

Інфармацыя, якую назіральнікі падавалі ў сваіх справаздачах, выкарыстоўвалася ў інфармацыйных паведамленнях і была выкарыстана для фінальнай аналітычнай справаздачы.

«Прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ падчас наведвання выбарчых участкаў сустракалі нашых назіральнікаў і потым казалі: “у вас такая класная і цудоўная моладзь”», – адзначыў Уладзімір Лабковіч.

sustrecha_naziralnikau_agul222.jpg
Фота: ПЦ "Вясна".

Каардынатар сеткі назіральнікаў Алег Пашкевіч падкрэсліў, што фота выніковых пратаколаў ды непасрэднага працэсу падліку галасоў, якія змаглі зрабіць назіральнікі, былі вельмі карыснымі.

minsk__padlik_bial.jpeg
Падлік галасоў на адным з мінскіх участкаў. Фота назіральніка.

“Чалавек з амбасады паглядзіць на гэтыя фота і скажа: “Не, мы не прызнаем гэтыя выбары”, – падкрэсліў  Алег Пашкевіч.

Праваабаронца Алег Пашкевіч. Фота: ПЦ
Праваабаронца Алег Пашкевіч. Фота: ПЦ "Вясна".

Назіральнікі абмеркавалі, што можна было б палепшыць у арганізацыі працэсу назірання ў будучыні:

“З-за таго, што нам забаранялі рабіць фота на тэлефон, ці можна было б павесіць на кожнага назіральніка такія відэа-рэгістратары, якія выкарыстоўваюць кантралеры ў транспарце?”, – прапанаваў адзін з назіральнікаў.

“Нажаль, не, – адказаў Уладзімір Лабковіч. – Гэта немагчыма, бо камісіі забараняюць не фатаграфаваць мабільнымі тэлефонамі, а – фатаграфаваць у прынцыпе. Яны ніколі на гэта не пагадзяцца”.

sustrecha_naziralnikau_agul15.jpg
Фота: ПЦ "Вясна".

Удзельнікі назіранняў падзяліліся і сваімі ўражаннямі:

“Вось я хадзіў на надомнае назіранне, – распавёў адзін з іх. – А як такое бывае, што чалавек у спісах галасавання на даму ёсць, але галасаваць адмаўляецца?”

“А я хачу распавесці пра танныя маніпуляцыі з боку камісіі. Калі я прыйшоў у якасці назіральніка, яны ўзялі маё накіраванне і сказалі: “Не, тут не ваша прозвішча”, але аддаваць адмовіліся. Добра, што ў мне была копія”.

Фота: ПЦ
Фота: ПЦ "Вясна".

“Я заўважыў, што ў камісіі ляжыць пратакол з подпісамі ўсіх яе сяброў. Я кажу: “Навошта ён вам? Гэта ж парушэнне!” На што мне адказваюць: “Чаму? Ён жа пусты!”

“Я чуў, як нехта з сяброў камісіі выказаўся: “Шашок увогуле абнаглеў да таго, што папрасіў пералічыць галасы!”

Фота: ПЦ
Фота: ПЦ "Вясна".

“А я не бачыў падліку галасоў, бо камісія мяне дагэтуль выдаліла. Прычына: за фота з бліскаўкай. Але ж я ўвогуле нават і не фоткаў”.

“Калі я пачала назіраць за датэрміновым, тут жа пра гэта даведаліся з майго факультэту. Куратар нават пісаў характарыстыку на мяне. Я запытала, у чым прычына? Я ж нават не ад палітычнай партыі, а удзельнічаю ў незалежным назіранні. А мне адказалі: “Ёсць розныя меркаванні, і калі вы знаходзіцеся ў дзяржаўнай арганізацыі, то некаторыя арганізацыі не лічацца незалежнымі. Але да вас ніякіх санкцый не будзе таму, што вы вучыцеся на платным”.

“Я чуў, як удзельніца камісіі запыталася: “А калі будзем запаўняць спісы студэнтаў?”

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” збіралі таксама інфармацыю пра факты ціску на студэнтаў з боку адміністрацый універсітэтаў (прымус да датэрміновага галасавання на выбарах). Хоць выбары і скончыліся, але форма працуе дагэтуль, распавёў праваабаронца Зміцер Салаўёў. 

sustrecha_naziralnikau_salaueu.jpg
Праваабаронца Зміцер Салаўёў. Фота: ПЦ "Вясна".

“А калі на вас раптам пачнуць ціснуць за тое, што вы былі нашым назіральнікам, абавязкова паведамляйце праваабаронцам!" – адзначылі праваабаронцы.

Сустрэчу назіральнікаў арганізавала Валанцёрская служба "Вясны". Яе каардынатарка Марфа Рабкова і праваабаронца Наталля Сацункевіч распавялі пра магчымасць уключэння і ў іншыя віды дзейнасці: напрыклад, маніторынг за судамі, а таксама за мірнымі сходамі ў якасці назіральнікаў. А яшчэ плануецца назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца ў жніўні. Але праваабаронцы пачнуць рыхтавацца загадзя:

“Праца нашай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” пачнецца з траўня. І мы правядзем паглыбленыя трэнінгі для нашых назіральнікаў – таму запрашаем у каманду! – адзначыў Уладзімір Лабковіч. – Не унывайце! Мы ўсе дакладна пабачым дэмакратычныя змены ў нашай краіне”.

Крыніца: “Сустрэча аднадумцаў”: назіральнікі і праваабаронцы абмеркавалі працу на выбарах Фота