У новай Палаце Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прадстаўлена 44 жанчыны, што складае 40%. У Палаце шостага склікання было менш дэпутатак — 38. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына вельмі ганарыцца ростам гэтых лічбаў: “Мы рухаемся да еўрапейскага гендарнага патрабавання”. Парадаксальна, што тут ЦВК задумваецца пра выкананне нейкіх стандартаў, а ў непасрэдным правядзенні выбараў і самім працэсе— не. Міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ і ПАСЕ не прызналі беларускія выбары адпавядаючым міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў. Відавочна, што з 35 радка ў рэйтынге Міжпарламенцкага саюза ў свеце па колькасці жанчын беларускі парламент перасунецца вышэй. Такія пазітыўныя зрухі вельмі патрэбныя беларускім уладам, каб маніпуляваць імі ва ўстанаўленні міжнародных адносінаў.

vote_w_6547.jpg
Крыніца ілюстрацыі: pinterest

Напрыклад, у Нацыянальным плане дзеянняў па забеспячэнні гендэрнай роўнасці на 2017-2020 гады адзначаецца, што ў Беларусі забяспечана дэкларуемае міжнароднымі дакументамі 30-працэнтнае прадстаўніцтва жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў. Гэта ледзь не адзін з першых момантаў, на які звяртае ўвагу Савет Міністраў у Нацыянальным плане.

Увогуле на дэпутацкія месцы ў выбарчай гонцы-2019 прэтэндавала 151 жанчына з 560 усіх кандытатаў. Партрэт кандыдаткі ў дэпутаты выглядаў наступным чынам: жанчына гадоў 46, якая займае кіруючую пасаду ў сферы адукацыі (хутчэй за ўсё — гэта дырэктарка школы). Вылучалася ў кандыдаткі ад праўладнай партыі. Дарэчы, па 28 выбарчых акругах з 110 увогуле не вылучаліся жанчыны. Пры гэтым, чыста “жаночых акругоў” не існовала.

vote_w_67.jpg
Illustration by Curt Merlo

Хто яна — беларуская дэпутатка?

Сённяшняя сярэднестатыстычная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання — гэта беспартыйная жанчына 48 гадоў, якая прадстаўляе галіну адукацыі на кіруючай пасадзе.

Ні адна апазіцыйная кандыдатка не прайшла ў новы Парламент. Роўным рахункам як і кандыдаты ад апазіцыі. Мінулую Палату шостага склікання прадстаўлялі дзве апазіцыйныя дэпутаткі — Ганна Канапацкая і Алена Анісім. Яны таксама прэтэндавалі на новы дэпутацкі тэрмін, але выбаркамі іх не зарэгістравалі нават у якасці кандыдатак.

Давайце пагядзім, як выглядаюць гэтыя парламенцкія 40% у жыцці. Хто гэтыя жанчыны, якія бліжэйшыя чатыры гады будуць “прымаць рашэнні” на ўзроўні дзяржавы?

Мінск

У Мінску амаль атрымалася гендэрная роўнасць: 9 дэпутатак з 20. Абсалютная большасць з іх — беспартыйныя. Толькі дзве дэпутаткі з’яўляюцца сябрамі праўладных партый: Беларускай патрыятычнай партыі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Гэта дзве дэпутаткі, якія “перавыбраліся” на новы тэрмін: Таццяна Сайганава і Аксана Гайдук. Яшчэ дзве новыя-старыя дэпутаткі Ганна Старавойтава і Людміла Макарына-Кабак вылучаліся ад працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў. Дарэчы, усе дэпутаткі Парламента шостага склікання, якія выказалі жаданне пайсці на другі тэрмін былі абраныя. Так, па ўсёй Беларусі былі “перавыбраны” 16 дэпутатак.

Сярэдні ўзрост дэпутатак, якія былі абраныя па мінскіх 20 акругах — 39 гадоў. Такі малады ўзрост атрымаўся за рахунак 22-гадовай “Міс Беларусь-2018” Марыі Васілевіч. Гэта самая маладая дэпутатка не толькі Парламента сёмага склікання, а ўвогуле 25-гадовай парламенцкай гісторыі Беларусі.

Дэпуткай стала і суддзя Вярхоўнага суда Святлана Любецкая. Сярод дэпутатак тут таксама прадстаўніца галіны адукацыі і медыцыны.

Мінская вобласць

Па гэтым рэгіёне з 17 дэпутатаў — 8 жанчын, сярэдні ўзрост якіх 52 гады. Большасць з іх з’яўляюцца дэпутаткамі Палаты мінулага склікання.  Яны былі “перавыбраны” па пяці акругах: Маладзечанскай гарадской №72, Салігорскай сельскай №69, Копыльскай №66, Заслаўскай, Слуцкай №67. Сярод іх і тая, хто ўзначальвала Пастаянную камісію Палаты Прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі. Усе беспартыйныя акрамя адной дэпутаткі Людмілы Ніжэвіч. Яна сябра Беларускай аграрнай партыі.

Сярод дэпутатак тут і Лілія Ананіч, экс-міністарка інфармацыі і намесніца старшыні “Беларускага саюза жанчын”. Астатнія дзве — гэта старшыня Крывасельскага сельскага выканкама камуністка Ірына Супрановіч і дырэктарка дзіцячага цэнтра “Каласок” беспартыйная Людміла Падлужная.

woman_79.png
Крыніца ілюстрацыі: twentyfirstcenturybrand.com

Гомельская вобласць

Тут з 17 дэпутатаў толькі пяць жанчын. Большасць з іх — камуністкі. Па Гомельскай вобласці “перавыбралі” на новы тэрмін па Жыткавіцкай акрузе № 39 дэпутатку-камуністку Ірыну Кралевіч, якая адказвала раней за пытанні экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы.

Дэпутаткай стала і загадчыца ў Гомельскай бальніцы. Іншыя дэпутаткі ўжо засвоеныя ў дзяржаўнай сістэме ўпраўлення. Тут і ідэалагічка Гомельскага аблвыканкама, і старшыня Мазырскага райсавета дэпутатаў, і намесніца старшыні Хойніцкага райвыканкама.

Брэсцкая вобласць

Тут абраныя дэпутаты і дэпутаткі суадносяцца як 6 да 16. Большасць з іх беспартыйныя. У Брэсцкай вобласці таксама не абыйшлося без дэпутаткі шостага склікання. Гэта сябра праўладнай партыі працы і справядлівасці Жанна Стаціўка.

Дэпутаткай абралі тут і прадстаўніцу Упраўлення Следчага камітэту па Брэсцкай вобласці Людмілу Жалнерчык. Таксама цяпер у дэпутатках камуністка і першая сакратарка Бярозаўскага БРСМ Наталля Голуб. Патрапіла ў Палату сёмага склікання ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і старшыня Драгічынскага райсавета дэпутатаў.

vote_w_654_8597.jpg
Ілюстрацыя з крыніцы patreon.com

Віцебская вобласць

Па гэтай вобласці з 14 дэпутатў – пяць беспартыйных жанчын. Ад віцебскай вобласці ў Палаце сёмага склікання прадстаўлены: дырэктарка школы, дырэктарка ўнівермагу, старшыня аднаго з прафсаюзаў, заведуючая радзільным домам і намесніца галоўнага ўрача гарадской бальніцы. Усе яны вылучаліся, у тым ліку, ад працоўных калектываў.

Гродненская вобласць

Тут у Парламент патрапіла толькі чатыры жанчыны з сямнаццаці.  Палова з іх — “перавыбраныя” дэпутаткі: Лілія Кір’як і Тамара Даўгашэй. З імі па гродненскай вобласці ў Палату выйшлі беспартыйныя галоўная ўрач дзіцячай бальніцы Ірына луканская і страшыня прафсаюза одной з гарадзенскіх арганізацый. Усе чатыры дэпутаткі вылучаліся з дапамогай працоўных калектываў.

Магілёўская вобласць

Гэта адзіная вобласць, дзе дэпутаткі складаюць большую палову дэпутатскага складу: 7 з 13. Сярод іх — тры дэпутаткі мінулага склікання. Усе яны беспартыйныя і вылучаліся з дапамогай працоўных калектываў. Тры дэпутаткі прадстаўляюць галіну адукацыі ў магілёўскім рэгіёне: дырэктарка бабруйскага каледжу, дырэктарка магілёўскай школы і старшыня аддзела адукацыі Магілёўскага райвыканкама.

Толькі адна дэпутатка з’яўляецца сябрам партыі: дырэктарка школы камуністка Людміла Здорыкава. Дэпуткай стала і галоўная рэдактарка праўладнага выдання “Магілёўскія ведамасці” Святлана Шутава.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: Жаночая карта сёмай Палаты