Пасля выбараў, 18 лістапада, на прэс-канферэнцыі міжнародных назіральнікаў за выбарамі ў Беларусі былі зроблены папярэднія высновы і заключэнні па правядзенні парламенцкіх выбараў. Што гэта за высновы?
1) Не адпавядаюць дэмакратычным стандартам
Так, назіральнікі БДІПЧ АБСЕ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы заявілі, што негледзячы на спакойную абстаноўку правядзення выбараў, яны не адпавядаюць важным стандартам дэмакратычных выбараў.
Міжнародныя назіральнікі адзначылі агульную непавагу да асноўных свабод сходаў, аб’яднанняў і выказвання меркаванняў. Нарматыўная-прававая база, у рамках якой праходзіла галасаванне, давала недастатковыя гарантыі правядзення выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
“Гэтыя выбары прадэманстравалі поўную адсутнасць павагі да дэмакратычных абавязальніцтваў”, — сказала спецыяльная каардынатарка і кіраўніца групы кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ Маргарэта Седэрфелт. “У краіне, дзе ўлада і незалежнасць парламента абмежаваная, а асноўныя свабоды выбаршчыкаў і кандыдатаў стрымліваюцца, існуе небяспека пераўтварэння парламенцкіх выбараў у фармальнасць”.
2) Непразрысты выбарчы працэс
Па дадзеных Цэнтрвыбаркама каля 6,8 мільёна выбаршчыкаў было зарэгістравана для галасавання, але спісы выбаршчыкаў не з’яўляюцца агульнадаступнымі, што прыводзіць да поўнай адсутнасці празрыстасці.
Глава дэлегацыі ПАСЕ Лорд Бленкатра адзначыў, што ў Беларусі адсутнічае цэнтральны рэестр выбаршчыкаў. Таксама ён звярнуў увагу у кантэксце празрыстаці і на скрыні для галасавання:
“На абсалютнай большасці участкаў былі непразрыстыя скрыні, як і сам выбарчы працэс”.
Акрамя гэтага, ён адзначыў неналежнай якасці пломбы на скрынях для галасавання, якія можна было лёгка ўскрыць.
Таксама паўплывала на вынікі міжнародных назіральнікаў пра непразрыстасць выбараў абмежаванне доступу назіральнікаў да некаторых ключавых элементаў выбарчага працэсу (напрыклад, падлік і праверка галасоў), што супярэчыць абавязальніцтвам АБСЕ і міжнародным стандартам.
3) Неканкурэнтныя выбары
Негледзячы на тое, што ў выбарах прынялі ўдзел вялікая колькасць кандыдатаў, але празмерна абмежавальны працэс рэгістрацыі ўскладніў удзел апазіцыі. Па меркаванні міжнародных назіральнікаў, абмежаваная колькасць агітацыйных мерапрыемстваў праводзілася ў прыгнечаных умовах, якія ў цэлым не забяспечвалі паўнавартнаснай і канкурэнтнай палітычнай барацьбы. Як адзначыла спецыяльная Каардынатарка і кіраўніца групы кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ Маргарэта Седэрфелт, што “ў Беларусі не была створана канкурэнтная абстаноўка для выбараў».
Глава дэлегацыі ПА АБСЕ Дзітмір Бушаці дадаў, што вынікі пра неканкурэтныя выбары былі зроблены на падставе пратэстаў апазіцыі і адсутнасці апазіцыйных прадстаўнікоў у выбарчых камісіях усіх узроўнях. «Гэта падрывае давер да гэтых выбараў», — адзначылі міжнародныя назіральнікі.
Міжнародныя назіральнікі ў цэлым адзначылі незбалансаваны склад выбарчых камісій.
Дэградацыя палітычнай барацьба і татальныя фальсіфікацыі. Праваабаронцы падвялі вынікі назірання за парламенцкімі выбарамі
4) Адсутнічаў плюралізм медыяў
Як было адзначана на прэс-канферэнцыі, значная колькасць фінансавых дзяржавай сродкаў масавай інфармацыі абмяжоўвае прастору для незалежных СМІ, зніжаючы плюралізм медыяў.
У Беларусі толькі некаторыя СМІ асвятляюць палітычныя пытанні, і на практыцы плюралізм абмежаваны. Істотная колькасць СМІ субсідуецца дзяржавай, што абмяжоўвае ўстойлівасць незалежных СМІ. Паклёп і публічная знявага застаюцца злачынствамі. СМІ ў асноўным устрымлівалася ад асвятлення кандыдатаў і іх праграм, што абмяжоўвала магчымасць выбарцаў атрымліваць інфармацыю пра перадвыбарчую агітацыю.
“Прапарцыйна высокая лічба дзяржаўных СМІ, а таксама ціск на незалежныя СМІ, блогераў і іншых незалежных каментатараў маюць эфект, які стрымлівае свабоду слова”, — сцвярдзіла глава місіі па назіранні за выбарамі БДІПЧ Карыен Ёнкер. “Зусім нядзіўна, што многія незалежныя журналісты лічаць, што яны павінны займацца самацэнзурай, каб пазбегнуць магчымага пераследу”.
5) Праігнараваныя папярэднія рэкамендацыі міжнародных назіральнікаў
На прэс-канферэнцыі асабліва было падкрэслена, што міжнародныя назіральнікі вельмі расчараваныя тым, што Беларусь праігнаравала іх рэкамендацыі, дадзеныя пасля парламенцкіх выбараў-2016. “Такім чынам пазбавіўшы сваіх грамадзян, выбаршчыкаў, і кандыдатаў, магчымасці поўнага ўдзелу ў дэмакратычным працэсе”, — падкрэсліў глава дэлегацыі ПАСЕ Лорд Бленкатра.
У цэлым заканадаўчая база не ўтрымлівае дастатковых гарантый правядзення выбараў у адпаведнасці з абявязацальніцтвамі АБСЕ і іншымі міжнароднымі стандартамі і пагадненнямі, што абумоўлівае неабходнасць маштабнай і і ўсёахопнай рэформы. Абмежаваныя высілкі, накіраваныя на перагляд выбарчага заканадаўства пасля папярэдніх выбараў, не былі рэалізаваныя. Шэраг ключавых рэкамендацый БДПІЧ і Венецыянскай камісіі Савета Еўропы застаюцца невыкананымі, у тым ліку, адносна несбалансаванага складу выбарчых камісій, абмежаванняў правоў выбаршчыкаў і кандыдатаў, недастатковасці абарончых механізмаў правядзення галасавання і падліку галасоў і абмежавання правоў назіральнікаў.
Поўны даклад аб высновах і заключэннях міжнароднай місіі па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі будзе прадстаўлены ў студзені 2020 года.
Нагадаем, Аляксандар Лукашэнка 17 лістапада заявіў пасля галасавання на ўчастку №506 Старавіленскай выбарчай акругі №105 Цэнтральнага раёну Мінску, што «не будзе парыцца» наконт прызнання ці непрызнання парламэнцкіх выбараў, піша “Радыё Свабода”. Кіраўнік краіны канстатаваў у размове з журналістамі, што калі Еўропа не прызнае парламенцкія выбары ў Беларусі, то гэта будзе сведчыць пра «ангажаванасць заходніх палітыкаў».
Тым часам, 18 лістапада на прэс-канфэрэнцыі місіі СНД ў Мінску кіраўнік назіральнай місіі СНД Сяргей Лебедзеў заявіў, што парламенцкія выбары ў Беларусі былі свабоднымі, празрыстымі і адпавядалі прынцыпам дэмакратыі.
*Міжнародная місія па назіранні за выбарамі – сумесная місія Бюро па правах чалавека і дэмакратычных інстытутах АБСЕ (БДІПЧ), Парламенцкай асамблеі АБСЕ (ПА АБСЕ) і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ). Місія па назіранні налічвае 437 назіральнікаў з 45 краін, у тым ліку – 342 накіраваных БДІПЧ экспертаў, доўгатэрміновых, кароткатэрміновых назіральніка, 69 парламентарыяў і супрацоўнікаў ПА АБСЕ і 26 – з ПАСЕ.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале
Крыніца: Выбары-2019: Пяць асноўных высноваў міжнародных назіральнікаў