Сёння, 17 лістапада, - асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. Па дадзеных Цэнтрвыбаркама, у датэрміновым галасаванні, якое прайшло з 12 па 16 лістапада, прыняла ўдзел 35,77% выбаршчыкаў ад уключаных у спісы грамадзян (ад 6 859 866 чалавек). Аднак незалежныя назіральнікі кожны дзень фіксавалі факты прымусу да галасавання (у асноўным студэнтаў) і завышэнне яўкі выбаршчыкаў.  Робім падборку ў асноўны дзень галасавання аб працы назіральнікаў на выбарчых участках. Вывады рабіце самі.

Як пройдзе асноўны дзень галасавання? Збіраем ключавыя лічбы, цікавыя факты, інцыдэнты сённяшняга дня ў гэтым матэрыяле. 

Умовы працы назіральнікаў: забарона фота, нязручныя месцы, выдаленне

У 8.00 па усёй краіне адкрыліся ўчасткі для галасавання, якіх больш за шэсць тысяч. А ўжо ў 9.00 яўка склала 37,14%. Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Гэта значыць, за гадзіну працы участкаў у асноўны дзень бюлетэні атрымалі 1,37% выбаршчыкаў, паведамляе naviny.by.

10.05. Назіральніца са Светлагорску Алена Маслюкова (участак №29 АВК31) паведамляе, што старшыня камісіі не даў паглядзець спіс выбаршчыкў, якія зарэгістраваліся для галасавання на даму. Сказаў што не ведае агульнай колькасці, таксама не даў колькасці выданых бюлетэняў. Абумовіў гэта тым, што могуць прагаласаваць не толькі тыя, хто даў заяўку, але і іх члены сям’і.

10.30. Дзейнаму дэпутату і кандыдату ў дэпутаты Ігару Марзалюку акруговая камісія вынесла афіцыйнае папярэджанне. Іншы кандыдат паскардзіўся ў выбаркам, што падчас сустрэч з выбарнікамі Марзалюк выкарыстаў стэнд з улёткамі і фота без выходных дадзеных, камісія палічыла скаргу абгрунтаванай.

11.45. 34 кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў знялі свае кандыдатуры добраахвотна, цытуе БелаПАН старшыню Цэнтарвыбаркаму Лідзію Ярмошыну. Такім чынам, у выніковым спісе засталося 513 чалавек. «Былі зарэгістраваныя 562 кандыдаты, — сказала кіраўніца ЦВК. — На дадзены момант галасаванне праходзіць па 513 асобах». У дачыненні да 15 кандыдатаў выбарчыя камісіі прынялі рашэнне аб адмене рэгістрацыі.

12.00. Ужо вядомы канчатковыя вынікі галасавання на ўчастку №428 па Пушкінскай 103-й акрузе. Участак знахддзіцца на тэрыторыі радзільні. "Вось і першыя вынікі падліку галасоў на маёй акрузе, у радзільным доме № 2 на Бельскага за мяне, як за адзінага кандыдата жанчыну прагаласавала ўсяго 4 чалавекі", - напісала і выклала ў Facebook выніковы пратакол кандыдатка ў дэпутаты па гэтай акрузе Вольга Кавалькова

12.20. Назіральнік Віктар Адзіночанка піша: “На ўчастку, дзе я назіраю (Гомельская-Цэнтральная выбарчая акруга № 33) прагаласаваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Г.М. Салавей. Спецыяльна для яго выканалі камсамольскія песні, пляскі і зрабілі выставы. Самымі экзатычнымі былі дзяўчаты з шыльдай "Молодежь Гомеля". 

12.40. Намеснік кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ Дзмітрый Салаўёў паведаміў назіральніку Барысу Бухелю аб тым, што да ягонай маці Алены Дашкоўскай (участак №59 Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акругі) прыйшлі ў кватэру з пераноснай скрыняй для галасавання, хоць яна не заяўляла пра такую паслугу і наогул не збіралася галасаваць.

Інфармацыя абнаўляецца.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: Як праходзіць асноўны дзень галасавання на парламенцкіх выбарах? Лічбы, факты, інцыдэнты. Дапоўнена