Каля будынку Генеральнай пракуратуры 15 лістапада ў 10.00. Фота: ПЦ "Вясна". Як паведамлялася раней, на youtube-блогераў, якія актыўна заклікаюць прыняць удзел у акцыі пратэсту 15 лістапада на Кастрычніцкай плошчы, распачаўся ціск. Супрацоўнікі міліцыі прыходзілі дадому да маці гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага - аўтара канала "Краіна для жыцця", тэлефанавалі з пракуратуры блогеру Уладзіміру Цыгановічу (MozgON) 

Ціск ажыццяўляецца не толькі на блогераў, але і на актывістаў.

Так, яшчэ 13 лістарада з цягніка "Брэст-Мінск" у Баранавічах быў зняты актывіст Андрэй Шарэнда. Прычына - праверка таго, ці не ўхіляецца ён ад ЛТП. Але ў пастарунку ў яго пачалі пытаць наконт заклікаў у сацыяльных сеткаў на акцыю 15 лістапада.

Актывістаў Дзяніса Урбановіча (з якім у якасці падтрымкі прыйшоў Віталь Трыгубоў), Дзяніса Красачку і Анастасію Гусеву выклікалі  ў Генеральную пракуратуру. Ім трэба было прыйсці сёння, 15 лістапада, пачынаючы з 10.00 гадзін. Напрыклад, Гусевай напярэдадні патэлефанаваў майор Аляксандр Усік з запрашэннем прыйсці.  Калі Анастасія сказала, што афіцыйная позва да яе не даходзіла, высветлілася, што яе накіравалі на стары адрас, дзе дзяўчына ўжо некалькі гадоў не зарэгістравана. На пытанне, навошта яе выклікаюць, Аляксандр Усік растлумачыў: з прычыны акцыі 8 лістапада.

На дадзены момант візіт у Генеральную пракуратуру скончыўся толькі ў Дзяніса Красачкі. Ён распавёў, што яго распытвалі наконт акцыі 8-га лістапада, ці быў ён там. А таксама ці быў ён папярэджаны аб адказнасці, ці былі заклікі да ўдзелу ў акцыі 15-га лістапада. Дзяніс адмовіўся адказваць на ўсе пытанні. Яму было ўручана афіцыйнае папярэджанне.

Крыніца: Ціск на удзельнікаў акцый 8 і 15 лістапада набірае новыя абароты