Скаргі Юрыя Мельнікава, які вылучаўся па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 і быў зняты камісіяй з выбарчай гонкі, разглядзела Цэнтральная выбарчая камісія і Віцебскі абласны суд. Нагадаем, начальнік сектара кадравай і прававой работы філіяла "Ваенсервіс" РУП "Гандлёва-вытворчае ўпраўленне пры Міністэрстве абароны” Юры Мельнікаў адразу не быў зарэгістраваны АВК з-за недакладнасці подпісаў. Пасля абскарджання ў абласную камісію ён адзіны, хто быў усё ж зарэгістраваны па рашэнні гэтай камісіі. Аднак 4 і 5 лістапада на яго перадвыбарчы выступ у АВК паступілі скаргі ад дырэктаркі яго прадпрыемства Ларысы Шыраковай і калектыва супрацоўнікаў, дзе яны скардзіліся на нібыта ілжывую інфармацыю, якую распаўсюдзіў кандыдат. На падставе гэтых скаргаў акруговая выбарчая камісія вынесла два папярэджанні Юрыю Мельнікаву, а на падставе гэтага Віцебская абласная камісія вырашыла адмяніць ягоную рэгістрацыю ў якасці кандыдата.

12 лістапада ЦВК на сваім паседжанні разглядзела скаргу кандыдата і прыйшла да высновы, што акруговая камісія і Віцебская абласная камісія дзейнічалі ў межах заканадаўства, рашэнні іх былі прынятыя правамерна і не падлягаюць адмене.

“У адпаведнасці з артыкуламі 47, 75 Выбарчага кодэкса перадвыбарная праграма, роўна як і выступы кандыдата ў дэпутаты, не павінны змяшчаць абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь. Пры парушэнні гэтых патрабаванняў акруговая, тэрытарыяльная выбарчая камісія мае права адмяніць рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата.

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй» Шыракова Л.М. адносіцца да катэгорыі дзяржаўных службовых асобаў, бо займае пасаду, звязаную з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў у арганізацыі, статутнай фонд якой знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы”, - падкрэсліваецца ў рашэнні ЦВК.

На гэтай падставе ЦВК адмовіла Юрыю Мельнікаву ў задавальненні скаргі і пакінула рашэнне Віцебскай абласной камісіі без зменаў.

Што тычыцца Віцебскага абласнога суда, то там адбылося два паседжанні па скаргах Юрыя Мельнікава на адмову ў задавальненні яго скаргаў Віцебскай абласной камісіяй на вынесеныя яму  папярэджанні АВК па зваротах Ларысы Шыраковай і калектыва прадпрыемства, дзе працуе кандыдат. І суддзя Віктар Быстроў, і суддзя Наталля Лях выслухаўшы довады заяўніка, азнаёміўшыся з матэрыяламі справы прыйшлі да высновы, што Віцебская абласная выбарчая камісія прыйшла да абгрунтаванай высновы аб правамернасці рашэння акруговай выбарчай камісіі, калі вынесла Юрыю Мельнікаву папярэджанні ў сувязі з парушэннем выбарчага заканадаўства пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі, паколькі звесткі, якія змяшчаюцца ў выступе кандыдата ў дачыненні да кіраўніка філіяла "Ваенсервіс" Ларысы Шыраковай, аб'ектыўнымі доказамі не пацверджаныя.

Па абедзвюх скаргах кандыдата судом былі вынесеныя рашэнні аб адмове ў іх задавальненні.

Фотафакт: АВК абвясціла Юрыя Мельнікава “самазнятым”

Як распавяла назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Ірына Траццякова, на выбарчых участках з’явілася аб’ява пра тое, што кандыдатура Юрыя Мельнікава знятая на падставе пісьмовай заявы кандыдата ў дэпутаты, пададзенай 11 лістапада.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: ЦВК і Віцебскі абласны суд адмовілі ў задавальненні скаргаў кандыдата Мельнікава