Суд Першамайскага раёна Мінска працягвае разгляд адміністрацыйнай справы аператара Белсата Алеся Любенчука. Яго вінавацяць у дробным хуліганстве: нібыта 31 сакавіка пад час апытання ў Першамайскі РУУСе, Любянчук брудна лаяўся ў прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі.
У Першамайскім РУУСе Мінска на Алеся Любенчука склалі пратакол за нецэнзурную лаянку. Міліцыянты заявілі, што Любянчук нібыта брыдкасловіў непасрэдна ў аддзяленні міліцыі (дробнае хуліганства, артыкул 17.1 КаАП). У той дзень Алеся ўжо збіраліся везці на Акрэсціна, аднак у 19 гадзін раптоўна вызвалілі з міліцыі.
19 красавіка ў судзе быў дапытаны Алесь Любянчук, які распавёў акалічнасці свайго затрымання 31 сакавіка і складання пратаколу па артыкуле 17.1 КаАП непасрэдна ў РУУСе Першамайскага раёна. Аператар Белсату падцвердзіў, што ніякага брыдкаслоўся не было, была спакойная гутарка і яго нават напаілі кавай, а пратакол быў складзены пасля ягонага апытання па іншай справе ў 17-20. Прычым яму не патлумачылі правы і абавязкі, а таксама не далі магчымасці звязацца з адвакатам і папярэдзіць родных пра сваё затрыманне. Пасля гэтага яго пасадзілі ў камеру і збіраліся везці на Акрэсціна. Але прыкладна ў 19 гадзін адпусцілі.
Паколькі ў суд не з'явіліся сведкі з боку міліцыі - Дзяніс Грыб і Уладзіслаў Падарэз, суддзя Юрый Гарбатоўскі прыняў рашэнне перанесці судовае паседжанне на 15 гадзін 20 красавіка.
Сёння суд дапытаў сведку па справе - супрацоўніка міліцыі Уладзіслава Падрэза. Ен паведаміў, што Любянчук прамовіў адно нецэнзурнае слова.
Таксама стала вядома, што рапарт аб здзяйсненні правапарушэння чамусці не зарэгістравалі ў адзінай кнізе РУУСа, што павінны былі абавязкова зрабіць.
Оперупаўнаважаны Першамайскага РУУСа Дзяніс Грыб сведчыць,што журналіст брыдкасловіў, аднак дэталяў размовы не памятае.
Пасля перапынку суддзя Гарбатоўскі абвесціў пастанову - штраф 25 базавых велічынь.
Нагадаем, у Мінску 31 сакавіка адбыліся ператрусы ў двух офісах "Белсата". У адным з офісаў на момант прыходу міліцыянтаў знаходзіўся журналіст Алесь Любянчук, яго завезлі ў Першамайскі РУУС.
Крыніца: “Белсатаўца” Любенчука пакаралі штрафам за брыдкаслоўе