Карэспадэнтка “Новага Часу” Дзіяна Пінчук наведала на другі дзень датэрміновага галасавання выбарчыя ўчасткі на базе мінскай школы №159. Менавіта адтуль кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” атрымлівае больш за ўсё інфармацыі пра парушэнні выбарчага заканадаўства ад назіральніка кампаніі Аляксея Лойкі. У першы дзень датэрміновага галасавання Аляксей Лойка, які назірае на ўчастку для галасавання №390, паведаміў пра завышаную колькасць выкарыстаных бюлетэняў на суседніх участках, якія размяшчаюцца ў суседнім пакоі.

vybarchy_uchastak_390-1.jpg
Так выглядае выбарчы ўчастак №390
vybarchy_uchastak_390-8.jpg
У суседнім пакоі размяшчаюцца два ўчасткі для галасавання №389 і №391

На тым участку, дзе назіраў Аляксей Лойка, у пратаколе быў зафіксаваны 21 выкарыстаны бюлетэнь. Увечары 12 лістапада пратакол на стэндзе быў запоўнены не цалкам: адсутнічала інфармацыя па чацвёртай графе «колькасць нявыкарыстаных бюлетэняў». Але зранку 13 лістапада пратакол ужо вісеў цалкам запоўнены. Відавочна, што сябры камісііі зрабілі гэта не ў працоўны час, бо назіральнік прысутнічаў да самага закрыцця ўчастка ў першы дзень і з пачатку адкрыцця ў другі дзень.

Што тычыцца дзвюх суседніх участкаў для галасавання — №389 і №391, то яўку там завысілі больш, чым у 10 разоў.

vybarchy_uchastak_390-11.jpg
Пратаколы вывешываюцца на бачнае для ўсіх месца, але назіральнікам фатаграфаваць іх забаронена

Як распавядае назіральнік кампаніі Аляксей Лойка, сябры камісіі другі дзень запар арганізоўваюць пасля абеду канцэрты наўпрост у холе школы.

vybarchy_uchastak_390-14.jpg
Канцэрт у школе №159 каля дзвярэй выбарчых участказ №389, 390, 391

“Атрымліваецца, што за кошт "канцэрту" яўка на суседніх участках завышаная больш, чым у 10 разоў”, – кажа назіральнік кампаніі.

Другі дзень датэрміновага галасавання для назіральніка кампаніі пачаўся забаронай фота- і відэаздымкі. Такія рашэнні былі прынятыя на ўсіх выбарчых участках, размешчаных ў школе №159. Рашэнні датаваныя 12 лістапада. Але мы ўжо адзначылі, што назіральнік быў да самага закрыцця ўчасткаў, таму таксама відавочна што гэтыя рашэнні былі прынятыя не ў працоўны час камісіі.

vybarchy_uchastak_390-7.jpg
Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка пад аб'явай УВК №390, што фота і відэаздымка забаронены

Як адзначыў аналітык кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Павел Сапелка любыя забароны, якія не абгрунтаваныя меркаваннямі дапушчальных абмежаванняў — у інтарэсах захавання таямніцы галасавання, забеспячэння парадку на участках, зусім лішнія.

vybarchy_uchastak_390-9.jpg
Але назіральніцу ад "Белай Русі", якая назірае на ўчастках №389 і №391 такая забарона не смучае

“Калі камісіі няма чаго хаваць, калі на участках не адбываецца парушэнняў выбарчага заканадаўства, то і здымка не перашкодзіць працэсу галасавання і працы камісіі. Тым больш, што здымку праўладных прапагандысцкіх фота і відэа камісіі толькі вітаюць. Але, на жаль, большай часткі камісій ёсць што хаваць — ад «накруткі» яўкі да працэсу падліку галасоў. Асноўныя задачы па «рабоце з лічбамі» камісіям яшчэ трэба будзе выканаць у асноўны дзень галасавання пры падліку галасоў 17 лістапада. Таму камісіі — ад Цэнтральнай да ўчастковых, нервова рэагуюць на фіксацыю любога кшталту парушэнняў. Вынікам становіцца нязменна нізкі ўзровень даверу да выбараў і агульнае падзенне цікавасці да іх з боку грамадзян, паколькі выбары ў Беларусі не вядуць да змяняльнасці ўлады па дэмакратычнай працэдуры”, пракаментаваў "Новаму Часу" забароны выбарчых участкаў у школе №159 юрыст Павел Сапелка.

vybarchy_uchastak_390-13.jpg
Выбарчы ўчастак №390

“Новы Час” пісаў, што падчас знаходжання карэспадэнткі на ўчастку №390 не прыйшло ніводнага выбаршчыка, а на суседнія — два. Пасля абеду сітуацыя значна змянілася. Як паведаміў назіральнік кампаніі Аляксей Лойка за паўтары гадзіны на выбарчы ўчастак №390 прыйшло 78 чалавек: на аднаго выбаршчыка прыйшлося крыху больш за хвіліну. З 16 гадзін да 18:30 гэты выбарчы ўчастак паспела наведаць 106 чалавек. Самае цікавае, што да абеду прыйшлі прагаласаваць толькі чатыры чалавекі.

vybarchy_uchastak_390-6.jpg
Назіральнікі на ўчастку №390. Акрамя Аляксея Лойкі, які ажыццяўляе назіранне ад кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тут прысутнічаюць назіральнікі ад Белай Русі, Беларускага саюза жанчын і Фонда свету

“Галасаванне было вельмі арганізаванае. Бачна было, что ўсе заходзяць па ланцугу. Але сябры камісіі не дазваляюць адчыняць дзверы, каб паглядзець на чаргу ў калідоры”, — распавядае назіральнік.

vybarchy_uchastak_390-10.jpg
Датэрміновае галасаванне на ўчастку №389

Напрыканцы другога дня датэрміновага галасавання, з'явілася інфармацыя, што 14 лістапада ў 17:00 адбудзецца паседжанне акруговай камісіі Заходняй выбарчай акругі №102, дзе будзе разглядацца пытанне аб вынясенні папярэджання назіральніку Аляксею Лойку. 

vybarchy_uchastak_390-15.jpg
Скрыншот з сайта адміністрацыі Фрунзенскага раёна

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: Фотарэпартаж з “містычнай” школы: забарона фотаздымкі, завышаная колькасць выбаршчыкаў, загоны