Былы палітвязень Дзмітрый Паліенка пракаментаваў для сайта palitviazni.info той факт, што пракуратура вырашыла абскардзіць прысуд па яго справе. Дзмітрый Паліенка. Фота ПЦ

“Днямі мне стала вядома, што пракуратура Мінска абскардзіла рашэнне Мінскага гарадскога суда ў Вярхоўны суд, – кажа Дзмітрый Паліенка. – У апеляцыйным пратэсце гаворыцца, што прысуд у дачыненні да мяне “з’яўляецца незаконным і павінен быць зменены ў сувязі з несуадноснасцю прызначанага судом пакарання цяжкасці злачынства”. Маўляў, рашэнне вынеслі вельмі мяккае, пракурор ізноў патрабуе 6 гадоў зняволення”.

Практычна ў гэты ж час абскардзіў рашэнне Мінскага гарадскога суда і сам былы палітвязень.

“Я таксама падаў апеляцыю у вышэйшую інстанцыю, бо не лічу прысуд законным, – адзначае Дзмітрый Паліенка. – Што датычыцца пракурорскай апеляцыі, то гляджу на гэтую сітуацыю досыць аптымістычна.

Юрысты кажуць, што для пракуратуры такое абскарджванне – звычайная фармальная справа, бо напачатку ж пракурор прасіў для мяне 6 гадоў зняволення, а суд вынес куды больш мяккае рашэнне. Мяркую, калі б хацелі мне вынесці жорсткі прысуд, то гэта было б зроблена яшчэ раней”.

Суд Паліенкі, салідарнасць і першыя абдымкі на волі. Вялікі фотарэпартаж "Вясны"

"Вясна" сабрала самыя яркія моманты судовых працэсаў над Дзмітрыем Паліенкам: спробы затрымання прысутных у першыя дні, нязломнасць Дзмітрыя, салідарнасць сяброў, павышанныя меры бяспекі ў судзе, вызваленне ў залі суда, першыя абдымкі на волі.

Крыніца: Дзмітрый Паліенка: Я таксама абскардзіў рашэнне Мінгарсуда