29 кастрычніка 2019 года каля Мінска (урочышча Курапаты) адбылася традыцыйная акцыя "Ноч растраляных паэтаў", прысвечаная памяці расстраляных дзеячаў культуры і навукі ўначы 29 кастрычніка 1937 году.
Высновы:
- Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" паводле Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/цы не выкарыстоўвалі заклікаў да гвалтоўных дзеянняў і вайны, не ўжывалі гвалт і не правакавалі гвалт. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама не парушалі правы іншых асоб.
- У ходзе мірнага сходу адсутнічала магчымасць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў, так як яны былі ў грамадзянскай форме адзення, без ідэнтыфікацыйных знакаў. Знаходжанне супрацоўнікаў/ніц міліцыі на мірных сходах у грамадзянскай форме адзення не дазваляе ўдзельнікам/цам разумець іх функцыі і паўнамоцтвы, а таксама не спрыяе камунікацыям і эфектыўнаму рашэнню складаных або канфліктных сітуацый.
- Перашкодаў у працы незалежных назіральнікаў/ніц і СМІ не зафіксавана, што з'яўляецца станоўчай практыкай.
- Адсутнічае інфармацыя аб падачы арганізатарамі заявы на правядзенне масавага мерапрыемства. Згодна з міжнародным стандартам свабоды сходаў апавяшчэнне уладаў не з'яўляецца абавязковым, але вітаецца, бо спрыяе эфектыўнай камунікацыі ўсіх зацікаўленых бакоў.
- Падчас правядзення акцыі пратаколы за парушэнне дзеючага заканадаўства не складаліся. Не зафіксавана затрыманняў удзельнікаў/ніц.
Метадалогія маніторынгу
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/цами і журналістамі/камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў/ніц.
Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам правы: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам "#СontrolBY".
Папярэдняя інфармацыя
Інфармацыя аб правядзенні традыцыйнай акцыі памяці ва ўрочышчы Курапаты ў выглядзе чытання вершаў, песень і малітваў з'явілася ў сацыяльных сетках загадзя. Арганізатары прасілі ўносіць грашовыя ахвяраванні для правядзення акцыі. Некаторыя ўдзельнікі акцыі у 2018 годзе былі аштрафаваныя за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
Падчас правядзення мірнага сходу ва ўрочышчы Курапаты вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль пяць назіральнікаў і назіральніц, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя сінімі камізэлькамі і пасведчаннямі.
Ход мірнага сходу
1. Акцыя пачалася ў 20.00, у месцы яе правядзення знаходзілася не менш за 120 чалавек. Удзельнікі і ўдзельніцы стаялі паўколам вакол імправізаванай сцэны з мікрафонамі і асвятленнем. Да 20.40 ужо прысутнічала не менш як 350 чалавек, у тым ліку дзеці. Людзі ўвесь час прыходзілі і сыходзілі, колькасць удзельнікаў змянялася. Выступоўцы па чарзе зачытвалі вершы, спявалі песні, прамаўлялі, маліліся.
2. На месцы мірнага сходу прысутнічала не менш за дзевяць супрацоўнікаў праваахоўных органаў у грамадзянскай форме адзення, апазнаць іх можна было па рацыях, навушніках, ручных відэакамерах і спецыфічных паводзінах. Не менш за два з іх здымалі тое, што адбываецца на ручныя відэакамеры.
3. Прадстаўнікі/ніцы СМІ (не менш за 15 чалавек, некаторыя з іх былі пазначаныя бэйджамі) актыўна размаўлялі з удзельнікамі/цамі акцыі, здымалі тое, што адбываецца на фота- і відэакамеры, бралі інтэрв'ю, праводзілі прамыя трансляцыі. Удзельнікі/цы акцыі актыўна мелі зносіны са СМІ.
4. Выкарыстаная сімволіка: шматлікія бел-чырвона-белыя сцягі (на флагштоках, у руках і на плячах удзельнікаў/ніц), бел-чырвона-белыя стужкі і адзенне з элементамі сімволікі, сцягі з гербам Пагоня, сцяг Маладога фронту, свечкі, кветкі, металічны звон, плакат з надпісам "Ніколі зноў".
Выкарыстаныя лозунгі: "Жыве Беларусь!", песня "Магутны Божа". Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў у выступах не зафіксавана.
5. У 22.15 назіральнікі і назіральніцы пакінулі месца акцыі. У 22.40 Зміцер Дашкевіч (адзін з арганізатараў мірнага сходу) абвясціў аб заканчэнні мерапрыемства, людзі пачалі паступова разыходзіцца. Паводле інфармацыі СМІ затрыманняў не зафіксавана.
6. Машына хуткай дапамогі і медыцынскія работнікі/цы адсутнічалі.
Рэкамендацыі
Арганізатарам:
- інфармаваць улады пра запланаваны мірны сход.
Супрацоўнікам/цам праваахоўных органаў:
- ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас мірных сходаў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі);
- прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі мірнага сходу;
- працягваць практыку не прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мірных сходах.
Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
- ініцыяваць змены ў нацыянальнае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.
Крыніца: Справаздача па маніторынгу акцыі “Ноч растраляных паэтаў” 29 кастрычніка ў Мінску Фота