Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леанід Свецік звярнуўся ў Тэлерадыёкампанію “Віцебск” з просьбай паведаміць яму месца, дату і час правядзення тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, дазволіць прысутнічаць у студыі падчас запісу і праводзіць відэаздымку тэледэбатаў без перадачы ў публічную прастору атрыманых відэаматэрыялаў. У звароце ён спасылаецца на ч. 1 арт. 13 Выбарчага кодэксу, дзе зафіксавана, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў дэпутатаў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна.

Дырэктарка прадпрыемства Алена Панцюхова ў сваім адказе звярнула ўвагу назіральніка на тое, што вычарпальны пералік правоў назіральнікаў вызначаны ў ч. 5 арт. 13 Выбарчага кодэксу, і перапісала на старонку ўсе правы з кодэкса. На падставе гэтага Алена Панцюхова робіць выснову, што ў назіральніка адсутнічае права прысутнічаць пры запісе тэледэбатаў.

Паводле дырэктаркі тэлерадыёкампаніі “Віцебск”, не прадугледжана дадзенае права і ў Палажэнні аб парадку накіравання і дзейнасці назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, зацверджаным пастановай Цэнтральнай камісіі па выбарам і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 06.08.2019 №25.

“Улічваючы выкладзенае, паведамляем Вам пра немагчымасць Вашай прысутнасці ў якасці назіральніка ў студыі запісу тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў”, - адзначаецца ў адказе.

Алена Панцюхова падкрэслівае, што згодна з Палажэннем аб парадку выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі кандыдатамі ў дэпутаты вызначана, што парадак арганізацыі і правядзення тэледэбатаў, а таксама даты іх правядзення і вядучы вызначаецца адпаведнай тэлерадыёкампаніяй. Прадастаўленне іншым асобам інфармацыі пра дату, час і месца запісу тэледэбатаў Палажэннем не прадугледжана.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: Назіральніку не дазволілі прысутнічаць на запісе тэледэбатаў кандыдатаў