На праўладных раённых сайтах Брэсцкай вобласці працягваецца публікацыя артыкулаў негатыўнага характару пра кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыі. Так, на навінавам сайце Жабінскага раёна “Сельская праўда” 28 кастрычніка быў надрукавы ліст нібыта ад жыхара Іванава – “пенсіянера і краязнаўцы, які жыве праблемамі сваёй Айчыны”. У лісце з нейтральнай назвай “Парламенцкій выбары ў Беларусі” змешчана рэзкая крытыка выступу на тэлебачанні ўжо былой кандыдаткі БНФ, актывісткі “Еўрапейскай Беларусі” Паліны Шарэнда-Панасюк. Аўтар абураецца яе патрабаванню закрыць Астравецкую АЭС і “антыканстытуцыйным заклікам”, на якія “ўлады не маюць права заплюшчваць вочы”.
Сайт lnc.by (“Лунінецкія навіны”) таксама не застаўся ў баку ад таго, каб “зачапіць” кагосьці з апазіцыйных кандыдатаў. Сёння, 29 кастрычніка, на ім быў апублікаваны верш “Хлопчык і выбары” Сяргея Шэлеста, які аўтар верагодна задумваў як іранічны. У вершы ідзе гутарка пра хлопчыка “Лёньку”, які вярнуўся з Польшчы і вырашыў стаць кандыдатам у дэпутаты. І ў той жа час менавіта па Лунінецкай выбарчай акрузе №13 зараз балатуецца ў дэпутаты сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леанід Дубаносаў, які працуе ў Польшчы.
Нагадаем, што прыкладна два тыдні таму іншыя праўладныя сайты Берасцейшчыны масава публікавалі і перадрукоўвалі шэраг негатыўных артыкулаў пра ўдзел апазіцыі ў выбарах.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале
Крыніца: Раённыя сайты Берасцейшчыны працягваюць публікаваць негатыўныя артыкулы пра апазіцыю