На дыскусіі “Барацьба супраць смяротнага пакарання: глабальныя рашэнні на карысць адмены”, якая адбылася на 40-ым кангрэсе FIDH 22 кастрычніка на Тайване, была прынятая рэзалюцыя па смяротным пакаранні ў Рэспубліцы Беларусь. Яе прадставіў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Рэзалюцыя па смяротным пакаранні ў Рэспубліцы Беларусь
Рэспубліка Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і ў постсавецкім рэгіёне, якая прымяняе смяротнае пакаранне на практыцы. Нягледзячы на тэндэнцыю да значнага памяншэння колькасці расстрэлаў, якая назіраецца з 1999 года, у краіне штогод расстрэльваюць ад двух да чатырох чалавек, а Крымінальны кодэкс прадугледжвае смяротнае пакаранне па дванаццаці крымінальных злачынствах.
Праваабаронцы Беларусі неаднаразова адзначалі шматлікія праблемы, звязаныя з выкарыстаннем такога віду пакарання: немагчымасць абскардзіць смяротныя прысуды, вынесеныя Вярхоўным судом, забарону на выдачу целаў расстраляных і на раскрыццё месцаў іх пахавання.
Асаблівую занепакоенасць выклікае прымяненне смяротнага пакарання ва ўмовах сур'ёзных праблем з функцыянаваннем незалежнай судовай і адвакацкай сістэмаў ў краіне, прымяненне катаванняў і жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, у тым ліку падчас расследавання, адсутнасць нацыянальнага інстытута па правах чалавека, у тым ліку механізмаў па прадухіленні катаванняў, невыкананне Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязацельстваў, якія вынікаюць з ратыфікацыі Першага факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у дачыненні да ажыццяўлення расстрэлаў, нягледзячы на часовыя меры абароны КПЧ ААН і невыкананне меркаванняў Камітэта, прынятых па індывідуальных паведамленнях грамадзянаў Беларусі, у тым ліку асуджаных да расстрэлу.
Варта адзначыць, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае часовы характар смяротнага пакарання і магчымасць яго непрымянення ў выніку ўвядзення прэзідэнтам краіны мараторыя альбо яго поўнай адмены. Як беларускія, так і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі беларускія ўлады ўвесці мараторый на расстрэлы ў якасці першага кроку да яго адмены.
Безумоўна прызнаючы смяротнае пакаранне жорсткім і нечалавечым, прыніжаючым годнасць відам пакарання, мы заклікаем улады Беларусі:
- неадкладна ўвесці мараторый на прымяненне смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь у якасці першага кроку да поўнай яго адмены;
- далучыцца да Другога факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, узяўшы на сябе абавязацельства не прымяняць смяротнае пакаранне ні пры якіх абставінах.
Крыніца: На кангрэсе FIDH прынялі рэзалюцыя па смяротным пакаранні ў Рэспубліцы Беларусь