Звычайна спакойныя пасяджэнні Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 51 23 кастрычніка парушылі гэтую традыцыю. Адразу тры чалавекі засталіся незадаволеныя тым, як у камісіі змянілі іх біяграфічныя дадзеныя, якія будуць надрукаваныя на плакатах на выбарчых дзяльніцах. Старшыня камісіі Сяргей Рапін давёў інфармацыю, што дадзеныя часткова браліся з анкет кандыдатаў, часткова з пададзеных кандыдатамі звестак, а таксама па іх рабіліся адпаведныя запыты ў адпаведныя інстанцыі. І што ў сваіх асабістых улётках кандыдаты могуць пісаць свае версіі.

Фота
Фота "Гарадзенскай Вясны"

Аднак такі падыход да надрукаванай у хуткім часе біяграфічнай інфармацыі кандыдатаў аказаўся непрымальным для тых, хто адстойваў свае біяграфічныя дадзеныя, пададзеныя ў камісію самімі кандыдатамі.

Кандыдат Уладзімір Арцыман абурыўся, што друкуюць не тыя дадзеныя, якія ён падаваў. Прынамсі, там з’явіўся запіс пра судзімасць дваццацігадовай даўніны. Арцыман сцвярджаў, што даўно знятая судзімасць не з'яшляецца судзімасцю, і таму такія звесткі непраўдзівыя. Ён таксама спаслаўся на таямніцу персанальных дадзеных, на закон аб інфармацыі, на Канстытуцыю, але старшыня камісіі проста параіў яму абскарджваць гэтае рашэнне ў абласной камісіі.

Алена Шаламіцкая, якая таксама балатуецца па гэтай акрузе, прасіла камісію вярнуць на плакат хаця б дадзеныя пра тое, што яна літаратар і займаецца творчай дзейнасцю. І што ў яе ёсць адпаведныя дакументы. Але скончылася ўсё тым, што яна ўсё ж панесла скаргу ў абласную камісію. Шаламіцкая перакананая, што там яе справа будзе мець станоўчы для яе вынік.

Яшчэ аднаго кандыдата, кіраўніка гарадзенскага БНФ Вадзіма Саранчукова прадстаўляла на гэтым пасяджэнні яго давераная асоба Зміцер Бандарчук. Бандарчук таксама звярнуў увагу камісіі, што пададзеныя кандыдатам біяграфічныя звесткі адрозніваюцца ад зачытанага камісіяй варыянта. Але і ў гэтым выпадку заўвагі не былі прынятыя.

Чым скончацца абскарджанні і якія звесткі пра кандыдатаў мы ўбачым на плакатах на выбарчых дзяльніцах, даведаемся неўзабаве. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: У Гародні камісія і кандыдаты не сышліся ў поглядах на біяграфію апошніх