“Моладзевы блок” у сваім тэлеграм-канале паведаміў, што 21 кастрычніка Брэсцкая абласная выбарчая камісія пазбавіла іх актывіста Уладзіслава Сысу, які вылучаўся ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, статусу кандыдата ў дэпутаты. Падставай стала "адсутнасць пастаяннага месца жыхарства ў Беларусі".  Камісія спаслалася на факт часовага выезду Уладзіслава на вучобу ў магістратуру Варшаўскага універсітэта, куды ён паступіў у мінулым годзе. А таксама на інтэрв’ю актывіста “Еўрарадыё”, дзе ён сказаў наступнае: “летам я пастаянна знаходжуся ў Беларусі, а астатні час у Польшчы”. На думку камісіі, гэта парушае частку 2 артыкула 57 Выбарчага кодэкса, якая прадугледжвае, што кандыдат у дэпутаты павінен пастаянна пражываць на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым Сыса меў і мае пастаянную беларускую прапіску.

sysa_vlad.jpg
Уладзіслаў Сыса

Але ці законна такое рашэнне камісіі? Тлумачыць юрыст кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Павел Сапелка.

Павел Сапелка.

"Праблема ў тым, што ў Выбарчым кодэксе ёсць норма пра тое, што кандыдат мусіць пастаянна пражываць на тэрыторыі Беларусі. Але пры гэтым у заканадаўстве няма вызначэння, што такое для грамадзяніна “пастаяннае пражыванне”. Па нашым меркаванні, грамадзянін лічыцца пастаянна пражываючым на тэрыторыі Беларусі ажно да выезда на пастаяннае месца жыхарства ў іншую дзяржаву з афармленнем паспарту адпаведнай формы. Кіруючыся логікай Брэсцкай абласной камісіі, у нас не могуць стаць кандыдатамі, напрыклад, кіроўцы, якія ажыццяўляюць працоўныя перавозкі за мяжой, ці работнікі, якія працуюць у іншых краінах вахтавым метадам. Таму мы лічым, што прымяненне гэтай артыкула 57 ВК не з’яўляецца правамерным".

Павел Сапелка рэкамендуе Уладзіславу Сысе абскарджваць рашэнне Брэсцкай абласной выбарчай камісіі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: Кандыдата ў дэпутаты пазбавілі рэгістрацыі, бо той вучыцца ў Польшчы. Але ці законна гэта?