Дзмітрый Паліенка ў судзе З 12 гадзін 23 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе працягнецца разгляд крымінальнай справы актывіста анархічнага руха Дзмітрыя Паліенкі. Сёння абвінавачаны будзе даваць паказанні. 

Актывіст судзяць толькі па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства) па факце распылення пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы. Разглядае справу суддзя Пётр Арлоў. Пракурор - Аляксандр Кароль.

На папярэднім паседжанні выявілася шмат супярэчнасцяў паміж паказаннямі пацярпелага і сведкаў, якія былі дадзеныя падчас следства і якія прагучалі ў судзе.

Як паведамляе "Новы час", Дзмітрыя Паліенку паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да суіцыда. Таксама ён быў пераведзены ў ШІЗА, а ў камеры зроблены ператрус, падчас якога былі адабраны лісты таварышаў і фотаздымкі. Пра гэта сам Дзмітрый напісаў сваім паплечнікам.

Суд над Дзмітрыем Паліенкам: дзень другі

Падчас другога паседжання па справе Дзмітрыя Паліенкі былі дапытаныя пацярпелы і сведкі. На судзе выявілася шмат супярэчнасцяў паміж  іх паказаннямі, якія былі дадзеныя падчас следства і якія прагучалі ў судзе.

Нагадаем, 17 кастрычніка Дзмітрыя Паліенку павінны былі судзіць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 341 (псаванне маёмасці ў грамадскім месцы), ч.1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або розні па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці), арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў) і ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства).Калі Зміцер даведаўся, што судзіць яго будуць у закрытым рэжыме, у знак пратэсту напачатку пасяджэння ён парэзаў вены. Пасля стала вядома, што пракуратура адмовілася ад ранейшых абвінавачванняў па арт. 341 КК, ч. 1 арт. 130 і арт. 369, а суд зрабілі адкрытым.

Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Крыніца: Трэці судны дзень над Дзмітрыем Паліенкам