Кандыдаты ў дэпутаты па Гомельскай-Прамысловай выбарчай акрузе №35. Злева на права: Анжаліна Сырамятнікава, Сяргей Дараненкоў, Фёдар Бусел, Валер Панкратаў. Другі рад: Аляксандр Машкоў. Фотаздымак: Leanid Sudalenka Як паведамляе з выбарчай акругі доўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леаніда Судаленка, 17 кастрычніка ў 9.00 адбылося паседжанне па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ў Гомельскай-Прамысловай акрузе №35 на якім зарэгістраваны ўсе шэсць прэтэндэнтаў на дэпутатскі мандат.

Па меркаванні незалежнага назіральніка, у акрузе захоўваецца інтрыга, паколькі з шасці зарэгістраваных кандыдатаў, двое з’яўляюцца прадстаўнікамі ад улады.

Як інфармуе "Гомельская Вясна", гэта 56-гадовы дырэктар школы №69 Гомеля Аляксандр Машкоў ды 49-гадовая Анжаліна Сырамятнікава, якая працуе намеснікам генеральнага дырэктара па ідыялогіі домабудаўнічага камбіната. Калі беспартыйны дырэктар школы вылучаўся як шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, так і працоўным калектывам, то завадскі ідыёлаг вылучаны ад партыі Працы ды Справядлівасці.

Акрамя праўладных кандыдатаў у акрузе зарэгістраваны 32-гадовы праграміст мэблевай фабрыкі "Прагрэс" Фёдар Бусел, 32-гадовы начальнік будаўнічага кааператыву Сяргей Дараненкоў ад ЛДП, 65-гадовы прадстаўнік партыі левых “Справядлівы мір” Валер Панкратаў ды 27-гадовы Ягор Грышановіч ад партыі АГП, які працуе спецыялістам ЗАТ "Альфа-банк" у Гомелі.  

Трэба адзначыць, што ў акрузе была зарэгістраваная ініціятыўная група яшчэ аднаго прэтэндэнта, 42-гадовага прадстаўніка незарэгіставанай партыі Народнай Грамады Андрэя Пуканава, які зыйшоў з выбарчай гонкі і дакументы на рэгістрацыю не падаваў. Таксама вядома, што дзеючы 38-гадовы намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Дзмітрый Гурскі на другі тэрмін па акрузе не пайшоў, дакументаў на рэгістрацыю не падаваў.

Такім чынам, назваць сёння прозвішча будучага дэпутата ў акрузе даволі складана.

Назіральнік Леанід Судаленка падкрэслівае, калі на паседжанні чарга дайшла да тэледэбатаў, то ўдзел у іх пажадалі браць толькі двое кандыдатаў. Гэта прадстаўнік партыі левых “Справядлівы мір” Валер Панкратаў і якраз дырэктар школы Аляксандр Машкоў. Прадстаўніка дзяржаўнай ідыялогіі Анжаліну Сырамятнікаву, як дарэчы і іншых кандыдатаў, тэма тэледэбатаў не зацікавіла.

Як адзначыла напрыканцы паседжання старшыня выбаркама Ала Андрушчанка ўсе зарэгістраваныя кандыдаты ўжо сёння отрымаюць пасведчанні, пасля чаго могуць прыступаць да вядзення перадвыбарчай агітацыі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары". 

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: Шэсць з шасці: У Гомельскай-Прамысловай акрузе №35 зарэгістраваныя ўсе кандыдаты