Праўладныя СМІ Берасцейшчыны на мінулым тыдні масава публікавалі і перадрукоўвалі шэраг негатыўных артыкулаў пра ўдзел апазіцыі ў выбарах. Так, як паведамляе “Наша ніва”, дзяржаўныя СМІ Брэсцкай вобласці масава перадрукавалі артыкул сайта belnovosti.by пра ўдзел апазіцыі ў парламенцкіх выбарах.

У артыкуле, акрамя стандартных сказаў, што нібыта апазіцыя жыве толькі за кошт грантаў, прысутнічаюць і юрыдычныя памылкі. Напрыклад, «Беларускую хрысціянскую дэмакратыю» называюць партыяй, хоць БХД улады ўжо шмат разоў адмаўлялі ў рэгістрацыі. 

Артыкул можна ўбачыць на сайтах “Раённыя Будні”, “Маяк”, “Сельская праўда” і іншых раёнках Брэсцкай вобласці.

Але адной публікацыяй пра апазіцыю гэтыя сайты не абмежаваліся. У адзін дзень, 11 кастрычніка, партал масава-палітычнай газеты Бярозаўскага раёна “Маяк” апублікаваў “фельетон” пад назвай “Выбары, ці як Ліса Тарасаўна ў “народ” сабралася”, а такскама перадрукаваў з сайта Dal.by артыкул “Беларускую апазіцыю жыццё не вучыць”. 

Сайт дзяржаўнай газеты Іванаўскага раёна “Янаўскі край”, у сваю чаргу, апублікавала артыкул “І жук. І жаба”, у якім яго аўтар Андрэй Кунец у негатыўным кантэксце ўзгадвае розных прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў. Гэты артыкул перадрукаваў сайт “Дрогичин.BY”.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: Праўладныя СМІ Берасцейшчыны апублікавалі негатыўныя артыкулы пра ўдзел апазіцыі ў выбарах