Павел Севасцьян каля будынку Слонімскага суда У панядзелак, 7 кастрычніка, амаль цэлы дзень у адным з залаў суда Слонімскага раёна разглядалася скарга кіраўніка Слонімскай рады БНФ “Адраджэнне” Паўла Севасцьяна. Скарга была паданая ў суд Слонімскага раёна на рашэнне Слонімскага райвыканкама па фармаванні УВК.

У сваёй скарзе Павел Севасцьян прасіў Слонімскі суд прызнаць рашэнне райвыканкаму па фармаванні ўчастковых камісіі незаконным і парушаючым правы заяўніка. Ён прасіў абавязаць выканкам прыняць новае рашэнне аб фармаванні ўчастковых выбарчых камісій з уключэннем у іх склад прадстаўнікоў Слонімскай арганізацыі БНФ “Адраджэнне”.

Слонімская арганізацыя БНФ вылучыла па адным сваім прадстаўніку ў склад дзесяці ўчастковых камісій. Аднак сябры Слонімскага райвыканкаму ніводнага прадстаўніка дэмакратычных сіл, якія маглі б удзельнічаць у працы камісій і прадухіліць магчымыя фальсіфікацыі, не ўключылі.

Інтарэсы заяўніка на судзе прадстаўляў Павел Севасцьян, яшчэ некалькі прадстаўнікоў грамадскай супольнасці выступалі як сведкі.

На разглядзе скаргі, які вёў старшыня Слонімскага раённага суда Аляксандр Ярмолік, высветлілася, што як мінімум тры ўчастковыя камісіі па Слонімскім раёне сфармаваныя з парушэннем выбарчага заканадаўства. А менавіта пры зборы подпісаў за вылучэнне праўладных прадстаўнікоў у склад УВК, за іх падпісаліся людзі, якія не мелі права гэта рабіць. Заяўнікі скаргі рэзонна мяркуюць, што такіх парушэнняў значна больш. Прадстаўнікі ж райвыканкаму фактычна былі змушаныя прызнаць свае парушэнні выбарчага заканадаўства, але даводзілі, што скаргу заяўніка задавальняць усё роўна нельга.

У такой сітуацыі разгляд скаргі істотна зацягнуўся. Прадстаўніца пракуратуры заявіла, што патрэбны дадатковы перапынак. Такім чынам рашэнне суда будзе агучана толькі 8 кастрычніка а 10-й гадзіне.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: Слонімскі райвыканкам сфармаваў УВК з грубымі парушэннямі заканадаўства