Сёння, 2 кастрычніка, у Салігорску адбылося пасяджэнне па пытанні стварэння ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Салігорскім раёне. Старшынстваваў на ім старшыня Салігорскага райвыканкаму А. Жайловіч. Як распавядае назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Мархотка, усё паседжанне па ўтварэнні 68-мі ўчастковых выбарчых камісій у Салігорскім раёне ў колькасці 670 членаў звялося да хуткага чытання спісу з назвай і нумароў камісіі, колькасці членаў камісіі, іх ініцыялаў і статыстыцы па вылучэнні ад грамадскіх арганізацый, партый, працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў. Сябрам камісіі дадзена кароткая характарыстыка: «...здольныя працаваць у камандзе, нацэлены на вынік ..».
«Дадзенае чытанне пад назвай,«стварэнне ўчастковых выбарчых камісій», правяла ў хуткім тэмпе І. В.Скуратава за 1 гадзіну 45 хвілін», — адзначае Мархотка.
Падчас пасяджэння назіральнік кампаніі сутыкнуўся з парушэннем сваіх правоў:
- Забарона фотаздымкі;
«Калі я дастаў фотаапарат, каб зрабіць некалькі фотаздымкаў, старшыня райвыканкама А.Жайловіч адразу паставіў на галасаванне пытанне аб дазволе мне ажыццяўляць фатаграфаванне. Было прынята аднагалоснае рашэнне: «Забараніць назіральніку Мархотку фатаграфаванне». Пры гэтым заўважу, што падчас пасяджэння СМІ вялі аўдыё- і відэаздымку», — каментуе сітуацыю назіральнік Леанід Мархотка.
- Перашкода ў азнаямленні з дакументамі.
Леанід Мархотка, на заканчэнні пасяджэння заявіў хадайніцтва «аб прадастаўленні назіральніку магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі вылучэння ў склад участковых камісій». Аднак старшыня райвыканкама А.Жайловіч катэгарычна адмовіў яму, матывуючы тым, што гэта будзе разгалашэнне асабістых дадзеных сябраў участковых камісій.
Як ужо раней адзначалі аналітыкі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", такія забароны парушаюць асноўны прынцып выбарчага працэсу — прынцып адкрытасці і галоснасці, замацаваны ў артыкуле 13 Выбарчага кодэкса.
«Усе ўчастковыя камісіі сфармаваныя па прынцыпу: «старшыня камісіі — начальнік, сябры камісіі — падначаленыя працоўнікі, якія працуюць па кантракту ў свайго начальніка і вылучаныя ад праўладных арганізацый, шляхам «збору подпісаў» або «працоўнага калектыву.
70% сябраў сфармаваных участковых камісій — гэта пастаянныя члены камісій ва ўсіх выбарчых кампаніях, так званыя пажыццёвыя сябры выбарчых камісій», — распавядае Леанід Мархотка.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: Салігорскія ўчастковыя камісіі «...здольныя працаваць у камандзе, нацэлены на вынік...»