Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

  • на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны. Пасля заканчэння тэрміну знаходжання ў ПКТ бліжэйшыя два-тры месяцы ён правядзе ў ШІЗА;
  • 25 верасня ў Мінскім гарадскім судзе павінен быў пачацца закрыты судовы працэс па крымінальнай справе ў дачыненні да актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі, які абвінавачваецца па ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні), арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) КК Рэспублікі Беларусь. У сувязі з тым, што гэтая крымінальная справа ўяўляе вялікую грамадскую цікавасць, а некаторыя з прад'яўленых абвінавачванняў з'яўляюцца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання і ствараюць новыя небяспечныя формы пераследу грамадзян за публічную крытыку дзейнасці дзяржаўных органаў і прадстаўнікоў улады, праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай з патрабаваннямі правядзення адкрытага судовага пасяджэння па гэтай справе з захаваннем прынцыпаў і гарантый правядзення справядлівага суда. Судовы працэс у прызначаны час не пачаўся і быў перанесены на няпэўны тэрмін у сувязі з хваробай суддзі;
  • 27 кастрычніка судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда адмовіла ў задавальненні скаргі заснавальнікаў абласнога экалагічнага праваабарончага грамадскага аб'яднання «ЭкаБрэст». 26 ліпеня Брэсцкі аблвыканкам адмовіў у рэгістрацыі дадзенага аб'яднання па падставах, не звязаных з дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды асацыяцыяў;
  • выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў цэлым праходзяць у спакойнай атмасферы і на дадзены момант не прывялі да пагаршэння агульнай сітуацыі з правамі чалавека і росту колькасці рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці;
  • у цэлым, сітуацыя з правамі чалавека на працягу месяца заставалася нездавальняючай, без бачных пазітыўных зменаў.

Цягам месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны.

Як стала вядома, Міхаіл Жамчужны правядзе бліжэйшыя 2-3 месяцы ў штрафным ізалятары (ШІЗА). Пра гэта “Віцебскай Вясне” паведаміў праваабаронца Леанід Свецік, які атрымаў нядаўна ліст ад палітвязня.

На 10 гадзін раніцы 25 верасня быў прызначаны судовы працэс над актывістам анархісцкага руху Дзмітрыем Паліенкам. Меркавалася, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Дзмітрый Паліенка, прызнаны ў перыяд адбывання папярэдняга пакарання беларускай праваабарончай супольнасцю палітвязнем і вязнем сумлення Amnesty International, быў ізноў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 20 сакавіка 2019 года па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (выкарыстанні газавага балончыка ў дачыненні да грамадзяніна, з якім у Дзмітрыя нібыта здарыўся канфлікт ) і змешчаны ў СІЗА.

Трэба адзначыць, што яшчэ ў лютым 2019 г. Дзмітрый ужо затрымліваўся міліцыяй па падазрэнні ў нанясенні графіці пра супрацоўнікаў міліцыі на адным з будынкаў г. Мінска ў рамках узбуджанай па гэтым факце крымінальнай справы па арт. 341 КК.

Пазней яму было прад'яўленае абвінавачванне адразу па некалькіх артыкулах КК — ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні), арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Варта адзначыць, што некаторыя з прад'яўленых Д. Паліенку абвінавачванняў, на думку праваабарончай супольнасці, з'яўляюцца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання і ствараюць новыя небяспечныя формы пераследу грамадзян за публічную крытыку дзейнасці дзяржаўных органаў і прадстаўнікоў улады.

Так, у прыватнасці, Дзмітрыю Паліенку прад'яўленае абвінавачванне ў распальванні варожасці, якое, на думку следства, ажыццяўлялася ў дачыненні да “іншай сацыяльнай групы” — супрацоўнікаў міліцыі.

Дадзенае абвінавачанне было прад'яўленае на падставе аналізу органамі следства відэароліка, распаўсюджанага ў сетцы Інтэрнэт, на якім невядомыя асобы наносяць графіці пра супрацоўнікаў міліцыі на фоне песні “Менты убивают молодых” расійскага гурта “Телевизор”. У канцы роліка з'яўляецца некалькі плакатаў і лозунгаў з крытыкай міліцыі, у тым ліку і вобраз былога міністра ўнутраных справаў І. Шуневіча. На падставе гэтага ж аналізу следства прыйшло да высновы аб наяўнасці ў роліку яшчэ і прыкмет абразы прадстаўніка ўлады І. Шуневіча, які займаў у той час пасаду міністра ўнутраных справаў.

У сувязі з тым, што гэтая крымінальная справа ўяўляе вялікую грамадскую цікавасць і з'яўляецца палітычна матываванай, праваабарончыя арганізацыі Беларусі прынялі сумесную заяву з патрабаваннем адкрытага судовага працэсу па гэтай крымінальнай справе з захаваннем усіх прынцыпаў і гарантый справядлівага судовага разбору. У сваёй заяве праваабаронцы нагадалі прадстаўнікам улады аб тым, што, у адпаведнасці з палажэннямі Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень», прынятага ў тым ліку і беларускай праваабарончай супольнасцю, пазбаўленне волі ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў, пры наяўнасці палітычных матываў такога пераследу, з'яўляецца падставай для прызнання такіх асобаў палітычнымі вязнямі.

Судовы працэс у прызначаны час не пачаўся і быў перанесены на няпэўны час у сувязі з хваробай суддзі.

Свабода асацыяцый

27 верасня судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда пакінула без задавальнення скаргу заснавальнікаў абласнога экалагічнага праваабарончага грамадскага аб'яднання «ЭкаБрэст» на адмову ў рэгістрацыі.

Устаноўчы сход арганізацыі прайшоў 26 траўня. Заснавальнікамі створанага аб'яднання выступілі 12 жыхароў Брэста і Брэсцкага раёна. Галоўная мэта грамадскай арганізацыі — шырокае прыцягненне грамадскасці да вырашэння экалагічных праблем, абарона правоў і свабод чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі.

26 ліпеня Брэсцкі аблвыканкам адмовіў у рэгістрацыі аб'яднання. Падставай да адмовы стала наяўнасць парушэнняў заканадаўства ў дакументах, пададзеных на рэгістрацыю, і дадзеныя парушэнні, на думку рэгіструючага органа, носяць непапраўны характар.

Па словах аднаго з заснавальнікаў аб'яднання, вядомага брэсцкага праваабаронцы Рамана Кісляка, упраўленню юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама не спадабалася стылістыка пададзеных дакументаў. Заснавальнікі маюць намер абскардзіць рашэнне суда ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь.

Жорсткае абыходжанне

11 верасня суд Заводскага раёна г. Мінска вынес рашэнне аб кампенсацыі шкоды сям'і Дзмітрыя Серады, кватэра якога была ўзламаная супрацоўнікамі МУС, за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту. Суд вынес рашэнне на падставе довадаў пазоўнікаў аб незаконнасці пранікнення супрацоўнікаў міліцыі ў кватэру, перавышэнні імі ўлады пры ўжыванні фізічнай сілы і спецсродкаў.

Праваабаронцы “Магілёўскай Вясны” атрымалі адказ на скаргі, якія датычацца ўмоваў утрымання ў бабруйскім СІЗА, размешчаным у будынку XIX стагоддзя, паведамляе mspring.online. Начальнік СІЗА А. Працэнка не ўбачыў парушэння закону ў тым, што зняволеныя практычна пазбаўленыя натуральнага дзённага асвятлення.

Парушэнне свабоды выказвання меркаванняў

27 верасня актывіста “Маладога фронту” Максіма Урбановіча за “ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі ў парку Янкі Купалы 25 жніўня” суддзя Іван Касцян з суда Цэнтральнага раёна г. Мінска аштрафаваў на 510 рублёў. Як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства міліцыя, а потым і суддзя, расцанілі ўскладанне кветак да помніка Я. Купалу і фатаграфаванне каля помніка са сцягам.

Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2019