27 верасня Смаргонская акруговая выбарчая камісія №59 разгледзела заяву назіральніка ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алеся Дзергачова.  Нагадаем, што ён звярнуўся ў камісію з патрабаваннем вынесці папярэджанне прэтэндэнту ў кандыдаты ад улады, намесніку старшыні Астравецкага райвыканкама Віктару Свіле. Праваабаронца лічыць, што вялікае інтэрв’ю з чыноўнікам у падначаленай райвыканкаму газеце “Астравецкая праўда”, прысвечанае поспехам на пасадзе, сям’і і захапленням, а таксама вытрымка з перакладу польскай кнігі ў газеце “Светлы шлях” яго аўтарства, - гэта спланаваная органамі ўлады датэрміновая агітацыя. Гэтыя матэрыялы былі размешчаныя на старонках газет на працягу тыдня да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

Адесь Дзергачоў
Адесь Дзергачоў

Таксама ў заяве Алесь Дзергачоў ставіў пытанне аб тым, каб камісія даручыла рэдакцыям згаданых СМІ даць магчымасць размясціць на сваіх старонках аналагічныя матэрыялы аб дзейнасці другога прэтэндэнта на кандыдата, сябра АГП Івана Крука.

На разгляд гэтага пытання былі запрошаны прадстаўнікі названых СМІ.  Яны патлумачылі, што згаданыя матэрыялы былі падрыхтаваны да публікацыі яшчэ летам, але па тэхнічных прычынах апублікаваны толькі ў кастрычніку. То бок размяшчэнне на старонках газет матэрыялаў на працягу тыдня да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Віктара Свілы – чыстая выпадковасць.

Цікава, што адразу пасля гэтых тлумачэнняў старшыня камісіі Раіса Захарыч зачытала загадзя падрыхтаваны праект рашэння аб прызнанні заявы праваабаронцы неабгрунтаванай. Асноўны аргумент: матэрыялы надрукаваны ў газетах у той час, калі Свіла яшчэ не быў прэтэндэнтам у кандыдаты і яго  ініцыятыўная група не была зарэгістравана. А што тычыцца стварэння Івану Круку роўных магчымасцей з Віктарам Свілам, то ў рашэнні адзначана, што камісія не мае права прымушаць рэдакцыі размяшчаць пэўныя матэрыялы.

Як лічыць Алесь Дзергачоў, акруговая выбарчая камісія №59 зрабіла прэцэдэнт, калі чыноўнікі могуць дзеля папулярызацыі свайго вылучэнца выкарыстоўваць падкантрольныя СМІ напярэдадні рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. А гэта ставіць у няроўныя ўмовы ўсіх астатніх прэтэндэнтаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: Смаргонь: размяшчэнне ў раёнках матэрыялаў пра праўладнага вылучэнца - выпадковасць, а не агітацыя