Сёння, 25 верасня, у Мінскім гарадскім судзе пачнецца разгляд крымінальнай справы сацыяльнага актывіста Дзмітрыя Паліенкі. Але судовае разбіральніцтва будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Гэта значыць, што грамадства не зможа атрымаць ніякай інфармацыі з суда, нават ад абаронцы Дзмітрыя, бо з яго ўзята падпіска аб неразгалошванні матэрыялаў справы. Што праваабаронцам “Вясны” вядома на сённяшні момант пра справу Паліенкі? Давайце разбярэмся.
1. Дзмітрый Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). Па меркаванні следства, ён распыліў пярцовы газ у твар мужчыне, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы. Раней, 21 студзеня, яго затрымлівалі з Яўгенам Чуліцкім і Анастасіяй Гусевай па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці) за нанясенне графіці на адным з будынкаў Мінску, але праз трое сутак яго адпусцілі.
2. Абвінавачванне яму было прад'яўлена ў следчым ізалятары №1 г. Мінска 5 красавіка. Пазней стала вядома, што Паліенку было прад'яўленае абвінавачванне яшчэ па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса.
3. Праз тры месяцы, 2 ліпеня, Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Але пракуратура г. Мінска вярнула справу для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання. Вынікам сталі яшчэ два крымінальныя артыкулы.
4. Такім чынам, на дадзены момант Дзмітрыя Паліенку вінавацяць па чатырох артыкулах (пяці эпізодах) Крымінальнага кодэкса:
- ч. 3 арт. 339 — распыленне пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы;
- арт. 341 — нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай;
- ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчанным на youtube відэароліку “Мянты забіваюць людзей”;
- арт. 369 — абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку “Мянты забіваюць людзей”.
«На колени, быстро!» Почему унижающее обращение приравнено к пыткам
5. Па відэароліку “Мянты забіваюць людзей” абаронай была замоўлена незалежная экспертыза ў спецыялістаў Кансалтынгавай фірмы “Калтуноў і партнёры” (Ніжні Ноўгарад, Расійская Федэрацыя). Асноўнымі вынікамі яе стала тое, што:
- супрацоўнікі міліцыі не ўтвараюць сацыяльнай групы;
- у відэароліку адсутнічае негатыўная ацэнка якой-небудзь групы асоб, аб’яднаных па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці сацыяльнай прыналежнасці;
- у прадстаўленым відэазапісу негатыўныя ўстаноўкі ў адрас якой-небудзь групы не выяўленыя;
- распальвання варожасці па сацыяльнай прыкмеце ў відэароліку не знойдзена.
Згодна з заключэннем незалежнай экспертызы распальвання варожасці па сацыяльнай прыкмеце ў відэароліку не знойдзена. Следчыя адмовіліся далучыць незалежную экспертызу да матэрыялаў справы перад перадачай яе ў суд.
6. Падчас папярэдняга следства Дзмітрый Паліенка з большага знаходзіўся пад арыштам у СІЗА-1 г. Мінска на вул. Валадарскай. Але пэўны час ён яго ўтрымлівалі таксама ў следчым ізалятары ў Жодзіна і ў “Навінках”, куды яго накіроўвалі на судова-псіхіятрычную экспертызу.
7. Напачатку верасня стала вядома, што адміністрацыя СІЗА на тыдзень змясціла Дзмітрыя ў штрафны ізалятар. Дзмітрый напісаў скаргу на дзеянні адміністрацыі, паколькі лічыць, што такім чынам на яго аказваюць ціск рознымі метадамі.
8. У ШІЗА ў абарону сваіх правоў Паліенка абвясціў 7-дзённую галадоўку, з-за якой яго самаадчуванне значна пагоршылася.
9. 20 верасня стала вядома, што судовае разбіральніцтва будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Праваабаронцы лічаць, што такое рашэнне Мінгарсуда парушае прадугледжанае Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах права на справядлівы і публічны разгляд справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона. Таму яны патрабуюць правядзення адкрытага судовага пасяджэння па крымінальнай справе Дзмітрыя Паліенкі з захаваннем усіх гарантый справядлівага судовага разбіральніцтва. Пра гэта яны зрабілі адмысловую заяву.
10. Старшынствуючым суддзёй па справе Дзмітрыя Паліенкі (нумар справы: 2-28/19) прызначаны суддзя Мінгарсуда Пётр Аляксандравіч Арлоў. Гэты ж суддзя старшынстваваў у 2016 годзе на судовым разглядзе крымінальнай справы Уладзіслава Казакевіча, які здзейсніў напад з бензапілой і сякерай на жанчын у мінскім гандлёвым цэнтры “Еўропа”. Яго прысудзілі да максімальнага тэрміну пазбаўлення волі — 15 гадоў.
Вядома, што суддзя Арлоў уваходзіў у склад калегіі, якая разглядала апеляцыйныя скаргі на прысуд лідараў незалежнага прафсаюза РЭП Геннадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Прысуд быў пакінуты ў сіле.
"Беларускі дакументацыйны цэнтр" унёс суддзю Арлова ў Рэестр асобаў, якія маюць дачыненне да палітычна матываваных пераследаў у Беларусі.
11. Як вядома з лістоў Паліенкі да сяброў, ягоная пазіцыя па суду — поўны байкот. Ён плануе адмаўляцца ад дачы паказанняў і ўвогуле ад якой-небудзь камунікацыі з судом. Актывіст не прызнае віну ні па адным эпізодзе.
Нагадаем, у 2016 годзе Паліенку асудзілі за "гвалт ці пагрозу прымянення гвалту ў адносінах да работніка органаў унутраных спраў" і "выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару". Беларускімі праваабаронцамі ён быў прызнаны палітвязнем, а міжнародная праваабарончая арганізацыя "Amnesty International" прызнала яго вязнем сумлення. Ён выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 года.