Як паведамляе афіцыйная старонка «Еўрапейскай Беларусі» у фэйсбуку, актывістам грамадзянскай кампаніі выбарчыя камісіі працягваюць выносіць папярэджанні за парушэнні заканадаўства падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты.

Так, паведамляецца, што чарговае папярэджанне было вынесена 20 верасня выбарчай камісіяй Мінскай-Грушэўскай акругі №98 актывісту Андрэю Войнічу.

«Яго абвінавацілі ў тым, што падчас правядзення пікету ён па просьбе аднаго з мінчан праставіць подпіс за яго вылучэнне даў яму запісаны на кавалку паперы адрас свайго канала на Youtube. За гэта старшыня камісіі Л. Філімонава вынесла актывісту папярэджанне», — піша «Еўрапейская Беларусь».

На пасяджэнні камісій таксама былі выкліканыя яшчэ два ўдзельніка кампаніі. На Валерыя Бычкоўскага, які збірае подпісы за сваё вылучэнне ў Пушкінскай выбарчай акрузе №103 паступіла скарга ад адміністрацыі ГЦ «Скала». Актывіста абвінавацілі ў «парушэнні грамадскага парадку». Старшыня камісіі І. Дрозд перанакіраваў скаргу ў «кампетэнтныя органы», пра што Валерыя пісьмова папярэдзілі.

Удзельніку кампаніі ў Старавіленскай выбарчай акрузе №105 Васілю Жораву вынеслі папярэджанне за тое, што ў яго біяграфіі на стэндзе было ўказана, што ён хоча змены ўлады. Ініцыятарам выступіла кіраўнік камісіі Б. Кручкоў.

Чакаюць выкліку на пасяджэнні камісій яшчэ некалькі актывістаў «Еўрапейскай Беларусі».

Крыніца: Вылучэнцам "Еўрапейскай Беларусі" масава выносяць папярэджанні