На неадэкватныя паводзіны аднаго з грамадзян справакавалі лозунгі “Не расейскай акупацыі!” і “Не саюзнай дзяржаве!”, з якімі пікетавалі ў цэнтры Віцебску сябры ініцыятыўнай групы старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Ірыны Яскевіч.

Мужчына накінуўся на аднаго з пікетоўцаў, садраў з ягонай вопраткі плакат і рэціраваўся… Але нападніка паспелі сфатаграфаваць і нават зняць на відэа. Сябра Віцебскай абласной камісіі па выбарах Павел Левінаў, які стаў сведкам здарэння, параіў зборшчыкам подпісаў звярнуцца ў міліцыю для прыцягнення грамадзяніна да адміністрацыйнай адказнасьці.

“Так паводзіць сябе нельга. Калі табе нешта не падабаецца, то гэта не значыць, што ты маеш права накідвацца, нешта зрываць ці чыніць іншыя супрацьпраўныя дзеянні”, – сказаў Павел Левінаў.

Сябры ініцыятыўнай групы Ірыны Яскевіч паведамілі, што аркушы з надпісамі “Не расейскай акупацыі!” і “Не саюзнай дзяржаве!” мусяць нагадаць віцяблянам пра каштоўнасьці дзяржаўнага сувэрэнітэту краіны.

“Мы атрымалі незалежнасьць і не збіраемся яе губляць”,  –  кажа жанчына, якая ставіць подпіс у падтрымку Ірыны Яскевіч.  

Але падыходзілі да пікетоўцаў і людзі з іншымі поглядамі. Гэтак, пажылы мужчына даводзіў, што 90 адсоткаў насельніцтва Беларусі прагне аб'яднацца ў адну дзяржаву з Расеяй. Аднак з такой катэгарычнасцю не пагаджаліся нават выпадковыя мінакі.

"Тэма незалежнасьці закранае кожнага грамадзяніна Беларусі. Людзей палохае, напрыклад, што з прыходам сюды расійскага бізнэсу пацерпяць беларускія прадпрымальнікі. Многіх турбуе, што пасля аб’яднання беларускія вайскоўцы могуць патрапіць у гарачыя кропкі. Беларусам гэта не трэба. Мы – мірныя людзі! Мы за незалежную Беларусь і нацыянальныя каштоўнасці”, – кажа Ірына Яскевіч.

Калі людзі пытаюцца, што можа прапанаваць ім дэмакратычная кандыдатка, Ірына  адказвае:

“Я трэці раз імкнуся патрапіць у парламент, хаця такіх людзей там не чакаюць. Праўладныя дэпутаты, якія патрапяць у парламент вызначаюцца загадзя, але яны не будуць там адстойваць народныя інтарэсы і гаварыць праўду. Яны не выходзяць да людзей, бо ім няма чаго сказаць і прапанаваць беларусам. Я не баюся казаць праўду, бо добра ведаю: сённяшні стан краіны вымагае рэформаў, без якіх у нас з вамі не будзе дабрабыту”.

Падыходзілі да пікету і маладзёны, якія будуць  удзельнічаць у выбарах упершыню. Многія моманты выбарчага працэсу ім пакуль што незразумелыя. Актывістка Тацяна Севярынец цярпліва і падрабязна адказвала на іх пытаньні.

“Тыя, хто меў на мэце падтрымаць Ірыну Яскевіч, моўчкі ставілі свае подпісы, а тыя, каго абурае нашая актыўнасьць, пераходзілі на падвышаны тон у размове ці нават на крык. Я лічу, што сённяшні пікет быў паспяховым. Пытанні былі розныя. Дыскусіі – гэта добра, яны мусяць разварушыць гэтае балота”, – падсумавала Тацяна Севярынец.

Ініцыятыўная група Ірыны Яскевіч плануе і надалей ладзіць пікеты ў цэнтры гораду. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Крыніца: Невядомы мужчына напаў на аднаго з пікетоўцаў у Віцебску