Юрыя Мяцельскі Дзве найбуйнейшыя беларускія праваабарончыя арганізацыі – праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі Камітэт – у 11 раз праводзяць кампанію па назіранні за парламенцкімі выбарамі. У новым відэа тэлеканалу “Белсат” яны заклікаюць далучыцца да назірання ўсіх неабыякавых грамадзян.

Валанцёр кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Юрый Мяцельскі з 2015 года назірае на кожнай выбарчай кампаніі. Юрыя не спыняе нават тое, што праз сваю актыўнасць ён страчваў працу.

«Наш голас – гэта тая каштоўнасць, якую шмат хто хоча прысвоіць, скрасці і падмяніць. Толькі назіранне за выбарамі дазваляе абараніць галасы выбаршчыкаў ад фальсіфікацыяў».

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч адзначае, што галоўная мэта кампаніі адказаць на пытанне: наколькі ў нашых грамадзянаў была магчымасць абіраць і быць абранымі ў органы ўлады.

Паводле звестак кампаніі, на апошніх выбарах – у мясцовыя Саветы ў лютым 2018 года – праваабаронцы зафіксавалі парушэнні на 96 % выбарчых участкаў, дзе адбывалася незалежнае назіранне.

Аналітык кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч:

«З 1995 года місія БДІПЧ АБСЕ не прызнавалі выбараў па Беларусі ў поўным аб’ёме, якія б адпавядалі міжнародным стандартам у галіне свабодаў і дэмакратычных выбараў, ды адзначалі цэлы шэраг недахопаў».

Праваабаронцы адзначаюць, што найбольш прэтэнзіяў у міжнародных арганізацыяў да працэдуры падліку галасоў: яна абсалютна непразрыстая. Таксама камісія часам цісне на незалежных назіральнікаў.

«Спрабавалі ціснуць дэпутатамі парламенту, іх выклікалі, дэпутатаў парламенту, як назіральнікаў, каб яны сядалі побач і перашкаджалі табе фіксаваць парушэнні», – распавядае Юрый Мяцельскі.

Паводле праваабаронцаў, спадзявацца на паляпшэнне сітуацыі на найбліжэйшых выбарах не даводзіцца: рэкамендацыі міжнародных арганізацыяў не былі выкананыя, а камісіі былі сфармаваныя з праўладных арганізацыяў і палітычных партыяў.

Каб стаць незалежным назіральнікам, варта проста запоўніць кароткую анкету. Цягам кастрычніка і лістапада назіральнікі пройдуць адпаведнае навучанне і атрымаюць неабходныя накіраванні на выбарчыя ўчасткі (акрэдытацыю).

Крыніца: Юрый Мяцельскі: “Наш голас – гэта тая каштоўнасць, якую шмат хто хоча прысвоіць, скрасці і падмяніць”