Кулакоў Леанід Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў атрымаў SMS-паведамленне з суда Першамайскага раёна Мінска аб тым, што на 27 ліпеня прызначаная дата разгляду адміністратыўнай справы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пачатак суду ў 16-30.

Леанід Кулакоў мяркуе, што у судзе будзе разгледжаны пратакол адміністратыўнага правапарушэння, складзены за ягоны ўдзел у акцыі 7 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы супраць вучэнняў «Захад-2017». Аднак ён ня ўпэўнены, ці насамрэч гэты суд адбудзецца:

– Справа ў тым, – каментуе актывіст, ­– што 20 ліпеня судом Цэнтральнага раёна я быў асуджаны за папярэднюю акцыю да 10 сутак арышту з адтэрміноўкай на 5 дзён, і менавіта сёння гэты тэрмін скончыўся. Таму не выключана, што замест суда я патраплю на Акрэсціна. Прынамсі я да гэтага гатовы.

Вядома таксама, што пратакол за ўдзел у пікеце 7 люпеня складзены таксама ў дачыненні да баранавіцкага актывіста Рыгора Грыка. Як паведаміў праваабаронца Сяргей Гоўша, Рыгор Грык удзельнічаў у правядзенні ў Менску мерапрыемства 7 ліпеня з 18-00 да 18-50 за вызваленне палітзняволеных і супраць вайсковых вучэнняў Захад-2017. Але да яго ніхто не падыходзіў, не папярэджваў аб тым, што мерапрыемства забароненае і патрэбна разысціся.

Не выключана, што позвы ў суды атрымалі і іншыя ўдзельнікі акцыі, сярод якіх Вольга Нікалайчык, Андрей Шарэнда, Наталля Папкова ды іншыя.

Крыніца: Леанід Кулакоў: Не выключана, што на Акрэсціна я патраплю хутчэй, чым на новы суд