Amnesty International распачала кампанію ў падтрымку арыштаваных у Турцыі праваабаронцаў і заклікае дасылаць звароты з патрабаваннем іх вызвалення на адрас турэцкага міністра юстыцыі Бекіра Баздага.
Зварот змешчаны на сайце міжнароднай арганізацыі:
Кожны дзень гэтыя жанчыны і мужчыны рызыкуюць сваёй уласнай бяспекай дзеля абароны іншых. Яны выступаюць за свабоду людзей, робяць выклік несправядлівасці і змагаюцца, каб да кожнага ў Турцыі ставіліся справядліва.
Цяпер яны маюць патрэбу ў вашай дапамозе.
Суд у Турцыі толькі што адправіў шэсць праваабаронцаў у турму, у тым ліку дырэктарку мясцовага прадстаўніцтва Amnesty International Ідыль Эсер. Гэта адбылося менш як праз месяц пасля арышту кіраўніка прадстаўніцтва Танера Кылыча. Турцыя ізалявала актывістаў якраз тады, калі яны патрэбныя больш за ўсё: калі незалежныя СМІ задушаныя, магчымасць свабодна выказвацца мае высокі кошт, а людзі жывуць у страху. Пакуль яны знаходзяцца ў зняволенні, людзі, якіх яны абаранялі, застаюцца неабароненымі перад няспынным наступам уладаў на грамадзянскія свабоды.
Ніводзін з іх не зрабіў нічога дрэннага. Танер быў памылкова абвінавачаны ў “сяброўстве ў тэрарыстычнай арганізацыі Фетхулаха Гюлена”, а Ідыль і іншыя былі арыштаваныя па неабгрунтаваным падазрэнні ў “здзяйсненні злачынства ад імя тэрарыстычнай арганізацыі”.
Усе гэтыя абвінавачванні з’яўляюцца недарэчнымі і неабгрунтаванымі. Яшчэ чатыры актывісты былі вызваленыя пад заклад, але па-ранейшаму застаюцца пад следствам.
Турэцкія ўлады павінны неадкладна вызваліць усіх затрыманых і спыніць пераслед усіх адзінаццаці праваабаронцаў.
Мы не спынімся, пакуль усе яны не будуць вольныя. Далучайцеся да нас і дзейнічайце зараз.