Дзмітрый Серада. Фота: Яўген Ярчак, TUT.BY Суд Партызанскага раёна г. Мінска 23 ліпеня павінен агучыць рашэнне па скарзе мінскага лекара-педыятра Дзмітрыя Серады на пастанову аб адмове СК ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненне да супрацоўнікаў органаў унутранных спраў.

Амаль тры гады мінула, як раніцай 4 жніўня 2016 года ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло балконнай дзверы ў кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, паколькі ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай». 

Неаднойчы на скаргі, падрыхтаваныя пры дапамозе праваабаронцаў "Вясны", заяўнік атрымоўваў адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў асобамі, якія праводзілі затрыманне.

 На пачатку студзеня 2017 года пракуратура ўсё ж узбудзіла крымінальную справу, аднак ніякіх зменаў гэта не прынесла - ніхто з супрацоўнікаў АМАПу не быў прыцягнуты да адказнасці. 

Суддзя Анатоль Барысёнак зачытаў адказ з Заводскага РУУС Мінска на заяву маці Дзмітрыя Серады на пакрыццё маёмаснай шкоды, прычыненай дзеяннямі сілавікоў.

У адказе, які паступіў ў суд учора, гаворыцца, што нічога там супрацьзаконнага не здзяйснялася, а таму шкоду кампенсаваць не будуць.

Пракурор у сваю чаргу настойвае на тым, што ніякіх супрацьпраўных дзеянняў з боку супрацоўнікаў органаў унутранных спраў, не было, не было ніякага злачынства. Просіць скаргу не задавальняць, а пастанову аб адмове СК ва ўзбуджэнні крымінальнай справы пакінуць у сіле.

Рашэнне па скарзе Дзмітрыя Серады будзе агучана ў 14 - 00.

Крыніца: Разгляд скаргі лекара Дзмітрыя Серады на адмову ўзбудзіць справу ў дачыненні да сілавікоў Дапоўнена