Ілюстрацыйнае фота (TUT.BY) 26-гадовы хлопец з Мінска прыехаў на хакейны матч у Гродна, а трапіў у аддзяленне міліцыі з-за надпісу на майцы, паведамляе TUT.BY. На думку экспертаў, у камбінацыі з чатырох лічбаў можна разгледзець зашыфраваную абразу ў адрас супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Пра гэты выпадак распавяла яго маці Святлана.

Сёмага красавіка хлопец адправіўся ў Гродна на хакейны матч і надзеў майку, падораную сябрам.

На падыходзе да трыбунаў яго спынілі міліцыянты і забралі ў пастарунак. Аказалася, надпіс на яго майцы з чатырох лічбаў палічылі экстрэмісцкай. У ёй нібыта схавана абразу ў адрас праваахоўнікаў.

«На яго склалі пратакол за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі са спісу забароненых матэрыялаў. Але я адкрыла яго, і там гэтых лічбаў няма - толькі абрэвіятура з кропкамі», - распавяла TUT.BY Святлана.

У пратаколе супрацоўнікі спасылаюцца на рашэнне суда Аршанскага раёна ад 30 жніўня 2018 года. Тады ў Рэспубліканскі спіс забароненых матэрыялаў ўнеслі абрэвіятуры з чатырох літар (лацінскімі або кірыліцы), якімі можа скарачацца абраза ў адрас паліцэйскіх ці міліцыі.

Ужо 24 мая 2019 года эксперты, па запыце міліцыі, далі яшчэ адно заключэнне: тая самая камбінацыя лічбаў на майцы «ўтворана па пазначэнні літар лацінскага алфавіту і мае значэнне [ужо забароненай абрэвіятуры]». А значыць, таксама экстрэмісцкая.

Таму на хлопца склалі пратакол за распаўсюд ўжо забароненай інфармацыі.

Трэба сказаць, што, напрыклад, саму абрэвіятуру ў Вялікабрытаніі часта набіваюць як тату зняволеныя, а ў Еўропе яна ўжываецца як лозунг сярод футбольных фанатаў ці прадстаўнікоў розных рухаў. У тым ліку - лічбавая камбінацыя.

Але, па словах мінчанкі, пра гэта яны з сынам даведаліся толькі пасля разбору. Участковы азнаёміў іх з заключэннем эксперта па лічбах.

«Яно было складзена супрацоўніцай абласнога універсітэта, кандыдатам эканамічных навук. Мне цікава, каму такія экспертызы даручаюцца, чаму доктар эканамічных навук распавядае нешта пра гісторыю зняволеных Вялікабрытаніі і гэтак далей. (...) Можа, спытаем тады, чаму ў Менску ездзіць маршрутка пад такім нумарам, чаму ёсць кабінеты з такім нумарам у установах? Для нас гэта проста лічбы! ».

Жанчына вырашыла распавесці пра сітуацыю публічна, каб папярэдзіць іншых людзей. Бо ў афіцыйным «чорным спісе» на гэты конт - размытая фармулёўка, лічбаў там няма.

«[Забароненыя] кампазіцыі ў выглядзе надпісаў [дзве абрэвіятуры, кожная з чатырох літар], якія маюць розныя варыяцыі шрыфтавога выканання і дапоўненыя (альбо не) рознага роду стылізаванымі выявамі, па-за залежнасці ад носьбіта інфармацыі (сцягі, транспаранты, вымпелы, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, налепкі, значкі, элементы адзення, прадметы ўжытку, нацельныя татуіроўкі і да т.п.)», - пазначана ў дакуменце.

Нажаль, нават для папярэджання назваць усю камбінацыю наўпрост нельга. Лічбы абазначаюць першую, трэцюю, першую і другую літары лацінскага алфавіту. Калі суд пагодзіцца з аргументамі экспертаў, то яе, верагодна, яшчэ ўнясуць асобнай графой ў «чорны спіс». Тады на сайце Мінінформа людзі нарэшце даведаюцца аб забароне.

На хлопца ж склалі пратакол па ч. 2 арт. 17.11 КаАП, за што пагражае штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь (1275 рублёў) або арышт. Майку па рашэнні суда могуць канфіскаваць. Матэрыялы ўжо накіравалі ў суд, працэс чакаецца ў бліжэйшыя дні.

Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Крыніца: На хлопца з Мінску склалі пратакол аб экстрэмізме за чатыры лічбы на майцы