У чарговым прававым лікбезе ад "Вясны" расказваем пра тое, хто такі участковы інспектар міліцыі, што ўваходзіць у яго абавязкі і што рабіць, калі ён сам парушае закон.

Хто такі ўчастковы інспектар міліцыі?

Участковы інспектар міліцыі - гэта афіцыйны прадстаўнік органаў унутраных спраў і органа мясцовага самакіравання на давераным яму адміністрацыйным участку.

Якімі нарматыўна-прававымі актамі кіруецца ўчастковы ў сваёй дзейнасці?

У сваёй дзейнасці ўчастковы павінен кіравацца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі «Аб органах унутраных спраў», «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», Інструкцыяй па арганізацыі дзейнасці ўчастковага інспектара міліцыі, а таксама іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і Міністэрства ўнутраных спраў.

Якія задачы ва ўчастковага інспектара міліцыі?

Перад участковым інспектарам стаяць наступныя задачы:

  • забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян;
  • ахова грамадскага парадку і забеспячэнне грамадскай бяспекі;
  • прафілактыка, выяўленне, спыненне злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў на замацаваным адміністрацыйным участку;
  • папярэджанне гвалту ў сям'і, правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца грамадзянамі, што знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення;
  • забеспячэнне ўзаемадзеяння з грамадзянамі, іх аб'яднаннямі, садзейнічанне праваахоўным органам у ахове правапарадку і прафілактыцы правапарушэнняў;
  • удзел у межах кампетэнцыі ва выяўленні асобаў, якія ўчынілі злачынствы, ажыццяўленні вышуку абвінавачаных, месцазнаходжанне якіх невядома, асобаў, якія ўхіляюцца ад адбывання пакаранняў, ці іншых мераў крымінальнай адказнасці, а таксама іншых асобаў у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
  • устанаўленне асобаў, якія падлягаюць прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці.

Якія абавязкі ёсць ва ўчастковага?

У абавязкі ўчастковага ўваходзіць:

  • ведаць аператыўнае становішча і валодаць звесткамі аб сацыяльна-эканамічных, дэмаграфічных і іншых асаблівасцях абслугоўваемага адміністрацыйнага ўчастка, грамадзянах Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянах і асобах без грамадзянства, у дачыненні да якіх АУС ажыццяўляецца прафілактычны ўлік, за якімі ўстаноўлены прэвентыўны нагляд, ажыццяўляецца прафілактычнае назіранне, асуджаных да пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства;
  • неадкладна рэагаваць на заявы і паведамленні пра злачынствы, адміністрацыйныя правапарушэнні і інфармацыю пра здарэнні, у межах сваіх паўнамоцтваў прымаць па iх адпаведныя меры;
  • дакладваць аб фактах неналежнай асветленасці вуліц і дваровых тэрыторый населеных пунктаў, выяўленых пустых дамах, будынках, збудаваннях, умовах для несанкцыянаванага доступу ў падвалы і на гарышчы жылых дамоў, будынкаў і збудаванняў для інфармавання мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў;
  • выконваць даручэнні следчага, асобы, якая здзяйсняе дазнанне, аб правядзенні следчых і іншых працэсуальных дзеянняў, аб аказанні садзейнічання пры вытворчасці следчых і іншых працэсуальных дзеянняў, пастаноў (вызначэнняў) суда, органа, які вядзе крымінальны або адміністрацыйны працэс, судовага выканаўцы аб прывадзе;
  • ажыццяўляць штогадовую праверку ўмоў захоўвання грамадзянскай, ўзнагароднай зброі і боепрыпасаў да яе па месцы жыхарства яго ўладальнікаў;
  • удзельнічаць у межах кампетэнцыі ў мерапрыемствах па ажыццяўленні кантролю за знаходжаннем замежных грамадзянаў і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь; выяўленні і спыненні незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў;
  • прадстаўляць у арганізацыі для размяшчэння на інфармацыйных стэндах, распаўсюджваць сярод насельніцтва інфармацыю (у форме улётак, памятак, брашур, буклетаў) аб фарміраванні правапаслухмяных паводзінаў, здаровага ладу жыцця, навыкаў па забеспячэнні асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзянаў, а таксама звесткі аб ўчастковым інспектара, які абслугоўвае адміністрацыйны ўчастак;
  • выступаць перад насельніцтвам па месцы жыхарства, у працоўных калектывах, установах адукацыі з гутаркамі і лекцыямі альбо ў сродках масавай інфармацыі па пытаннях забеспячэння грамадскага парадку і прафілактыкі правапарушэнняў;
  • з мэтай папярэджання гвалту ў сям'і, правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца грамадзянамі, што знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення, праводзіць прафілактычныя гутаркі, аб'яўляць грамадзянам афіцыйныя папярэджанні і ўручаць іх копіі, уручаць грамадзянам копіі рашэнняў аб ажыццяўленні прафілактычнага ўліку, аб'яўляць грамадзянам ахоўныя загады і ўручаць іх копіі;
  • растлумачваць грамадзянам, якія пацярпелі ад гвалту ў сям'і, іх права звярнуцца з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы або з заявай аб адміністрацыйным правапарушэнні, інфармаваць іх аб арганізацыях, у якіх аказваецца дапамога пацярпелым ад гвалту ў сям'і;
  • выяўляць сем'і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, непаўналетніх з антыграмадскімі паводзінамі, пра што інфармаваць інспекцыі па справах непаўналетніх;
  • ажыццяўляць ва ўстаноўленым парадку падрыхтоўку матэрыялаў для прыняцця рашэнняў аб накіраванні грамадзянаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, прызнанні грамадзянаў абмежавана дзеяздольнымi;
  • на пастаяннай аснове ажыццяўляць подворны (пакватэрны) абыход адміністрацыйнага ўчастка;
  • не радзей аднаго разу ў год рабіць справаздачу аб праведзенай працы па ахове грамадскага парадку і прафілактыцы правапарушэнняў перад грамадзянамі, якія пражываюць на адміністрацыйным участку і іншае.

Ці можа ўчастковы прыйсці да мяне дадому?

Так, участковы можа зайсці да вас у працэсе подворнага або пакватэрнага абыходу свайго адміністрацыйнага ўчастку. Пры гэтым ён абавязаны:

  • прадставіцца, назваўшы прозвішча, імя, імя па бацьку, сваю пасаду і званне;
  • прад'явіць сваё службовае пасведчанне;
  • паведаміць пра мэту наведвання.

Ці можна не ўпускаць ўчастковага ў сваё жыллё?

Вы можаце не адчыняць дзверы і не ўпускаць ўчастковага ў кватэру, калі з яго боку гэта проста візіт, каб пазнаёміцца.

Без вашай згоды ён можа ўвайсці толькі ў неадкладных выпадках:

  • для выратавання жыцця або забеспячэння бяспекі грамадзянаў;
  • для затрымання падазраваных у злачынстве;
  • для спынення злачынства.

У абставінах, якія могуць прывесці да цяжкіх злачынстваў, участковы таксама мае права ўвайсці ў кватэру, абшукаць яе ці канфіскаваць прадметы - але для гэтага яму трэба мець матываваную пастанову органа, які ажыццяўляе аператыўна-вышуковую дзейнасць.

Пры пранікненні ў памяшканне ўчастковы абавязаны папярэдзіць тых, хто ўнутры, і не дапускаць прычынення ўрону маёмасці. Калі ўласніка не было ў кватэры, участковы павінен на працягу 24 гадзін з моманту пранікнення праінфармаваць яго, сваё начальства і пракурора.

Што рабіць, калі ўчастковы сам парушае закон?

Незаконныя дзеянні ўчастковага можна абскардзіць яго непасрэднаму кіраўніцтву, у МУС ці ў пракуратуру.

Скаргу можна самастойна скласці ў вольнай форме або звярнуцца па дапамогу да праваабаронцаў "Вясны" па тэлефонах: +375 17 394 63 11, +375 29 841 39 81, або па пошце: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..

Як даведацца, хто мой участковы?

Даведацца, хто з'яўляецца вашым участковым, можна праз пошукавую форму на сайце МУС ці па тэлефоне дзяжурнай службы «102».

Навошта знаёміцца з участковым?

Гэта бывае карысна ў экстраных выпадках. Да яго можна звярнуцца наўпрост, калі трэба тэрміновае ўмяшанне - напрыклад, калі на вашых вачах кагосьці збіваюць ці вы сталі сведкам крадзяжу.

Што яшчэ важна ведаць?

Беларускі Хельсінкскі Камітэт правёў маніторынг працы аддзяленняў міліцыі па Беларусі і прадставіў вынікі ў некалькіх справаздачах на адмысловым сайце.

У рамках даследавання ацэньвалася ўсё, што можа спатрэбіцца грамадзяніну ў выпадку яго добраахвотнага звароту ў аддзяленне міліцыі.

Працэс назірання факусаваўся на двух аспектах:

- камунікатыўная даступнасць міліцыі для людзей і прадстаўленне правапарадку як нейкага сэрвісу, які забяспечваюць праваахоўныя органы;

- умовы працы саміх супрацоўнікаў міліцыі: як праходзіць камунікацыя старэйшых і малодшых чыноў, як да супрацоўнікаў ставяцца наведвальнікі, ці ёсць побач з месцам працы пункт гарачага харчавання, умовы ў прыбіральнях і да т.п.

У выніку даследавання былі падрыхтаваныя тры памяткі: для людзей па ўзаемадзеянню з міліцыяй, для супрацоўнікаў міліцыі і для людзей і ахоўнікаў супермаркетаў.

Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" - Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Крыніца: "Ведай участковага ў твар", або Хто такі участковы і навошта ён патрэбны?