Анатоль Змітровіч і Алена Маслюкова (злева). Фота ПЦ "Вясна" 22 траўня светлагорскія экалагічныя актывісты Анатоль Змітровіч і Алена Маслюкова (якая акрамя гэтага з'яўляецца праваабаронцай) з дапамогай Праваабарончага цэнтру "Вясна” падалі скаргі ў Вярхоўны суд на рашэнні Светлагорскага раённага суда і Гомельскага абласнога суда аб адміністрацыйным пакаранні па ч.1 Арт. 23.34 КоАП РБ.

Cправа цягнецца з кастрычніка 2018 года, калі суддзя Светлагорскага раённага суда Руслан Царук прызнаў актывістаў вінаватымі ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства - флэшмобу супраць шкодных выкідаў са светлагорскага завода беленай цэлюлозы.

Нагадаем, што Алена Маслюкова тады атрымала штраф памерам 25 базавых велічынь, а Анатоль Змітровіч – 20 базавых.

Актывісты не пагадзіліся з такім рашэннем і спрабавалі абскардзіць яго ў абласным судзе. Аднак гэтая інстанцыя не стала на бок актывістаў. Калі і Вярхоўны суд не адменіць рашэнне раённага суда, то актывісты будуць звяртацца са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН.

Крыніца: Светлагорскія актывісты абскардзяць штрафы за флэшмоб у Вярхоўным судзе