Фота з сайту mspring.online Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» Аляксей Колчын, Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў накіравалі ў абласную пракуратуру скаргу на дзеянні кіруючага складу абласнога Упраўлення ўнутраных спраў і супрацоўнікаў міліцыі з-за масавых затрыманняў людзей з цыганскай дыяспары, паведамляе mspring.online. 

У сваёй скарзе праваабаронцы заявілі пра дыскрымінацыйны характар масавых затрыманняў у месцах кампактнага пражывання нацыянальнасці рома, а таксама распавялі пра шматлікія паведамленні аб парушэннях правоў цыган, у тым ліку збіццё, катаванні і абразы.

"На працягу ўсіх выходных мы атрымоўвалі паведамленні пра збіццё, катаванні, прыніжаючае абыходжанне ў дачыненні да тых, каго затрымалі пасля забойства інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча. Акрамя таго, пра падобныя выпадкі заяўлялі СМІ, у тым ліку «Радыё Свабода», «Наша Ніва» і TUT.by. На працягу ўсяго часу мы пераконвалі ромаў у неабходнасці падачы скаргаў на неправамерныя дзеянні міліцыі, аднак яны баяцца наступнай расправы з боку МУС", – паведаміў праваабаронца Аляксандр Буракоў.

Паводле яго слоў, масавае затрыманне людзей толькі з-за прыналежнасці да этнасу і наступнае жорсткае абыходжанне з імі – гэта дыскрымінацыя. Па законе, сцвярджае ён, за гэта ўстаноўлена крымінальная адказнасць:

"Згодна з ч.2 арт. 130 Крымінальнага кодэкса РБ, дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай варожасці або на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, злучаныя з гвалтам ці учыненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

Праваабаронцы прызнаюць, што калі б пацярпелыя ад дзеянняў міліцыі ромы дасылалі скаргі на парушэнні пад сваімі імёнамі і прозвішчамі, эфект мог бы быць большым. Аднак тыя занадта баяцца наступстваў:

"Нажаль, нам не ўдалося пераканаць пацярпелых у тым, што публічнасць на сённяшні дзень – гэта галоўны сродак абароны для іх. Разам з тым, мы спадзяемся, што з цягам часу знойдуцца людзі, якія адкрыта ад свайго імя раскажуць, як усё адбывалася", – сказаў Буракоў.

Крыніца: Магілёўскія праваабаронцы звярнуліся ў пракуратуру з-за масавай аблавы на ромаў