Праваабаронца Алег Мацкевіч Некалькі гадоў барысаўскі праваабаронца Алег Мацкевіч беспаспяхова дабіваўся адмены неканстытуцыйных, на яго думку, патрабаванняў барысаўскай ўлады да арганізатараў масавых мерапрыемстваў, піша сайт ex-Press.by.

Барацьба з чыноўнікамі была падобная на барацьбу вядомага літаратурнага героя з ветракамі. Барысаўскі райвыканкам і Мінскі аблвыканкам стойка трымалі абарону і стаялі на сваім.

І раптам здарылася небывалае. На афіцыйным прававым партале pravo.by, дзе публікуюцца дакументы органаў улады, з'явілася рашэнне Барысаўскага райвыканкама ад 22 чэрвеня 2017 г. № 1032 "Аб унясенні змяненняў у рашэнне Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта ад 13 лiпеня 2010 г. № 851". У прыватнасці, з дакумента былі выключаны 3 і 4 пункты.

Што гэта значыць? Ацаніць сітуацыю можна, азнаёміўшыся з тэкстамі пунктаў, якія былі выключаныя:

"3. Вызначыць, што аплата расходаў, звязаных з аховай грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, ажыццяўляецца арганiзатарам (арганiзатарамi) масавых мерапрыемстваў у адпаведнасці з заключанымі дагаворамі з кіраваннем ўнутраных спраў райвыканкама, установай аховы здароўя «Барысаўская цэнтральная раённая бальніца» , Барысаўскім гарадскім унітарным прадпрыемствам «Жыллё» не пазней за 10 дзён пасля правядзення масавага мерапрыемства. Копіі названых дагавораў прадастаўляюцца арганiзатарам (арганiзатарамi) масавых мерапрыемстваў у райвыканкам адначасова з заявай аб правядзенні масавага мерапрыемства.

4. Дагаворы, названыя ў пункце 3 гэтага рашэння, могуць быць заключаныя з іншымі арганізацыямі, якія маюць права аказваць дадзеныя віды паслуг".

Іншымі словамі, арганізатарам, якія заявілі пра сваё жаданне правесці масавае мерапрыемства, не трэба разам з заявай у райвыканкам прад'яўляць дамовы з міліцыяй, медыцынскай службай і ЖКГ.

Вядома, і цяпер райвыканкам можа адмовіць у правядзенні мітынгу ці сходу, але спасылацца пры гэтым на адсутнасць дамоваў у заяўнікаў з РУУС, ЦРБ і УП «Жыллё», ужо нельга.

Што адбылося? Як мяркуе Алег Мацкевіч, дапамагла настойлівасць і паслядоўнасць.

- Першапачаткова і райвыканкам, і Мінскі аблвыканкам сцвярджалі, што нічога супрацьзаконнага ў патрабаваннях да арганізатараў аб прадастаўленні дамоваў няма. Аднак калі я, у рэшце рэшт, звярнуўся ў Саўмін, барысаўская вэртыкаль нечакана ўнесла карэктывы ў дакумент, прыняты сем гадоў таму.

Цяпер Алег Мацкевіч збіраецца даказаць, што месца, адведзенае для правядзення неафіцыйных масавых мерапрыемстваў у Барысаве - глухая пляцоўка за Заходняй трыбунай гарадскога стадыёна - не адпавядае крытэрам, якія прад'яўляюцца да месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў.

Крыніца: Барысаўскі райвыканкам задаволіў патрабаванні праваабаронцы