Мерхдад Джамшыдзіян. Фота Tut.by У судзе Маскоўскага раёну Мінску 15 красавіка разглядаюць скаргу на рашэнне аб высылцы з Беларусі ў Іран Мехрдада Джамшыдзіяна, якому на радзіме пагражае смяротная кара.

Мужчыну ў суд не даставілі, на сённяшні дзень ён знаходзіцца за кратамі 10 месяцаў. Суд адхіліў хадайніцтва абароны аб прысутнасці Мехрдада на працэсе, бо не бачыць перашкодаў разгляду скаргі без яго самаго. 

Адвакат абскарджвае законнасць затрымання, бо затрыманне чалавека, які нічога не здзяйсняў, і ўтрыманне яго ў ЦІП такі працяглы час - незакона і немэтазгодна. Пры вынясенні рашэння пра дэпартацыю Мехрдаду Джамшыдзіяну не далі скарыстацца правам на абарону, не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы і не выдалі копію рашэння аб высылцы, што ўжо з'яўляецца падставай для адмены рашэння.  

Мехрдад Джамшыдзіян шмат гадоў таму ўцёк з Ірану ад пераследу з палітычных прычынаў, жыве ў Беларусі з 1993 году. Мае ў Мінску сям’ю: жонку-беларуску і траіх дзяцей. Прасіў беларускага грамадзянства, але яму адмовілі.

Пастанова па яго скарзе будзе агучаная ў 14.30.

Крыніца: Ці дадуць шанец на жыццё Мехрдаду Джамшыдзіяну?