Налепкі пра смерць Аляксандра Акуліча ад рук міліцыі ў Светлагорску Маці загінулага ў Светлагорскім ІЧУ адміністратыўна арыштаванага Аляксандра Акуліча паведаміла праваабаронцам “Вясны”, што індывідуальны зварот па парушэнне правоў яе сына быў зарэгістраваны 12 чэрвеня ў Камітэце па правах чалавека ААН за нумарам 2987/2017.

У паведамленні да Валянціны Акуліч адзначаецца, што яе асоба можа заставацца ананімнай, аднак жанчына не збіраецца хавацца, а рашэнне па звароце будзе публічным.

Камітэт таксама праінфармаваў МЗС Беларусі пра тое, што справа Аляксандра Акуліча будзе разглядацца на міжнародным узроўні. Адпаведная копія паведамлення была накіраваная дзяржаве-ўдзельніцы з просьбай, каб любая інфармацыя або назіранні ў дачыненні як да пытання аб прымальнасці, так і па пытаннях па сутнасці яго паведамлення павінна быць атрыманая Камітэтам на працягу шасці месяцаў.

Нагадаем, Аляксандр Акуліч памёр 26 траўня 2012 года ў ІЧУ Светлагорскага РАУС ад рук супрацоўнікаў міліцыі, якія не выклікалі своечасова арыштанту хуткую дапамогу, а таксама збівалі яго і прымянялі спецсродкі. Гэта былі чацвёртыя з пяці сутак, на якія Аляксандр Акуліч быў змешчаны ў ІЧУ. Пасля таго, як Валянціна Акуліч прайшла ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі па факце гвалтоўнай смерці сына і не дамаглася ніякіх вынікаў, яна з дапамогай праваабаронцаў падрыхтавала і накіравала зварот у Камітэт па правах чалавека ААН.

Крыніца: КПЧ прыняў да разгляду зварот аб катаваннях у ІЧУ Аляксандра Акуліча