У аўторак,12 лютага, на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” адбудзецца адкрыццё выставы «Лісты палітвязняў: ад 1996 года да нашых дзён”, сустрэча з пісьменнікамі, якія зазналі турэмнае зняволенне: Алесем Бяляцкім, Уладзімерам Някляевым і Змітром Драздом, прэзентацыя новай кнігі Алеся Бяляцкага “Турэмныя сшыткі” і нефармальная размова за кубкам гарбаты ці кавы.

“Лісты палітвязняў: ад 1996 года да нашых дзён» – 11 стэндаў, на якіх размешчаныя лісты палітычных вязняў з-за кратаў, лісты ў падтрымку палітвязняў, а таксама матэрыялы бюллютэня Праваабарончага цэнтру “Вясна” – “Права на Волю”, а таксама архіўныя фотаздымкі.

Ліставанне праз краты ўтрымлівае факты, падзеі, эмоцыі, мары і пажаданні, нягледзчы на перашкоды турэмнай цэнзуры. З 1996 года, па звестках праваабарончых арганізацыяў, праз крымінальны пераслед за палітычныя перакананні ў Беларусі ў зняволенне трапілі больш за 200 чалавек. Выстава “Лісты палітвязняў: ад 1996 году да нашых дзён” падрыхтаваная “Цэнтрам даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі”.

Экскурсаводам па выставе чакайце яе стваральніцу – вядомую праваабаронцу і літаратарку Паліну Сцепаненка.

Праваабаронца і былы палітвязень Алесь Бяляцкі прэзентуе сваю новую кнігу “Турэмныя сшыткі”.

Кніга выйшла ў серыі “Беларуская турэмная літаратура” і  складаецца з дзённікавых запісаў, якія пункцірна рабіліся ў розных сшытках ці на асобных аркушах, зазвычай сярод іншых запісаў і папер. Аб'яднаныя і расчытаныя разам, яны склалі турэмны тэкст без прыўкрасаў і ўнутранай цэнзуры. Выданне прасякнутае сучаснай “лагернай” атмасферай, персанажамі, адносінамі, дапоўненае аўтарскімі каментарыямі і лістамі, якія не прапусціла на волю лагерная цэнзура.

Запрашаем усіх ахвочых!

Адкрыццё выставы: аўторак, 12-га лютага а 18-й гадзіне.

Месца правядзення: “Тэрыторыя правоў” (ст. метро “Уручча”), вул. Ложынская 16, памяшканне 404.

Тэлефон для даведак: +375 44 716-59-93.

Як дабрацца?

Крыніца: Пісьменнікі-палітвязні пра беларускую турму: вялікая імпрэза на “Тэрыторыі правоў” Дапоўнена