Уладзімір Гундар. Фота Радыё Рацыя. 15 чэрвеня 2017 года баранавіцкія актывісты “Руху за Свабоду” Ўладзімір Гундар і Юры Казакевіч звярнуліся у КПЧ са скаргай-паведамленнем на незаконныя дзеянні баранавіцкай міліцыі і суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, якія прыцягнулі іх да адміністратыўнай адказнасці па ч.3 арт. 23.34 КаАП за тое, што яны збіралі подпісы за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статуса нематэрыяльнай гістарычнай каштоўнасці.

Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", актывісты звярнуліся па дапамогу ў Баранавіцкае аддзяленне Праваабарончага Цэнтра “Вясна”. Праваабаронцы Сяргей Гоўша і Аляксандар Вайцешык аказалі неабходную юрыдычную дапамогу.

Гундар і Казакевіч у міліцыі і ў судзе даказвалі, што збор подпісаў не падпадае пад Закон “Аб масавых мерапрыемствах...” і супярэчыць міжнароднаму праву, таму не падавалі заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства. У сваёй скарзе апліканты падкрэслівалі, што міліцыя не адразу адрэагавала на іх дзеянні. Мінуў час і ў міліцыі на іх быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні.

Зварот у Брэсцкі абласны суд, а таксама да старшыні тагож абласнога суда быў безвыніковы. Пастанова была “пакінута без зменаў, а скарга без задавальнення”.

Нязгодныя з пастановамі судоў першай і другой інстанцыі актывісты звярнуліся ў Камітэт па Правах Чалавека ў Жэневе. Актывісты перакананыя, што маюць рацыю, і вераць у перамогу.

Баранавіцкія праваабаронцы і надалей будуць аказваць ім неабходную дапамогу.

Крыніца: Баранавіцкія актывісты звярнуліся ў КПЧ