Праваабаронцы адзначаюць дзень прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека раздачай спецвыпуска "Народнай Волі".. 2018 год унёс у змаганне за правы чалавека ў Беларусі новыя фарбы. Калі 2017 год праходзіў пад сцягам барацьбы за сацыяльныя правы – мы памятаем пра акцыі ў шматлікіх беларускіх гарадах супраць падатку на так званае дармаедства, дык сёлета на першы план выйшла барацьба за чыстае паветра, ваду, экалагічна прымальнае асяроддзе. У Брэсце і Светлагорску гэта супрацьстаянне мае зацяжны і пастаянны характар. У Брэсце будаўніцтва акумулятарнага завода, у Светлагорску запуск завода беленай цэлюлозы выклікалі мірныя пратэсты мясцовых жыхароў.

Абодва заводы будуюцца за кошт “выгадных” кітайскіх крэдытаў. Кошт завода ў Брэсце – прыкладна 20 мільёнаў еўра. Завод у Светлагорску значна даражэйшы, толькі праектны кошт – 700 мільёнаў еўра, не лічачы непрадбачаных расходаў на дапрацоўку хібаў пры будаўніцтве і запуску вытворчасці.

Будаўніцтва абодвух гэтых заводаў паказала сістэмныя праблемы, якія існуюць у Беларусі паміж уладамі і грамадствам. Існуюць даўно, але тут яны былі падкрэслены грамадскай актыўнасцю і рэльефна выдзеліліся на фоне агульнай грамадскай апатыі, страху і зняверання. Раптам стала ясна, што людзі жывуць самі па сабе, са сваімі клопатамі і трывогамі, а ўлады – самі па сабе, са сваімі планамі і задумамі. І людзі часта разглядаюцца ўладамі як бяздушны дадатак да гэтых планаў, працоўны рэсурс. Галоўнае – вал, прадукцыя, тысячы акумулятарных батарэй, дзясяткі тысяч тон цэлюлозы. А людзі ж няхай дзякуй скажуць, што ім даюць магчымасць працаваць абы-дзе і выжываць абы-як. Пра якую экалогію тут вядзецца гаворка?! У дзяржаве, якая ўкладвае грошы ў будаўніцтва прадпрыемстваў, цяжка казаць пра аб’ектыўны экалагічны кантроль гэтых заводаў. Бо ў нас няма незалежнай экалагічнай службы. Урэшце, як і пра іхнюю эканамічную эфектыўнасць (няўжо нядаўняя мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі, а зараз – ільнозаводаў нічому не навучыла?). А хто адказвае за мільярды прафуканых еўра? Відавочна, што з такім “дзяржаўным” падыходам пра бяспеку ўмоў для свайго жыцця павінны клапаціцца самі людзі.

Актывісты кампаніі па барацьбе з будаўніцтвам акумулятарнага завода пад Брэстам
Актывісты кампаніі па барацьбе з будаўніцтвам акумулятарнага завода пад Брэстам.

Выклікае трывогу і пастаянны ўсходні вектар брудных і небяспечных прамысловых аб’ектаў у Беларусі. Для пабудовы гэтых заводаў узялі крэдыты ў Кітая, для будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі – у Расіі. Зразумела, на такія “смярдзючкі” еўрапейскіх грошай не знайсці. Калі мы ўпарта паўтараем, што мы – еўрапейская краіна, дык, можа, тады давайце імкнуцца і жыць па еўрапейскіх стандартах? У тым ліку – не будаваць шкодныя для людзей і прыроды прадпрыемствы.

У такой дзяржаве, як наша Беларусь, дзе ўсё кантралюе прэзідэнт і ягоная выканаўчая вертыкаль, любая нязгода з уладамі – ці то сацыяльныя акцыі, як у мінулым годзе, ці то экалагічныя, як сёлета, – адразу ўспрымаецца як палітычны супраціў. Згадваецца показка яшчэ савецкіх часоў пра пеўня, які трапіў у турму за тое, што піянера ў азадак дзеўбануў. Тое часта адбываецца і зараз.

Мясцовыя жыхары сабралі подпісы супраць будаўніцтва шкодных і небяспечных заводаў і перадалі ў адміністрацыю. У Брэсце – 36.809, у Светлагорску – 10.191 подпіс. Улады адмахнуліся ад іх, як быццам бы нічога і не было. Колькі ж упэўненасці ў сваёй беспакаранасці трэба мець, каб не зважаць на голас дзясяткаў тысяч людзей!

Але людзі не спыніліся. У Брэсце кожную нядзелю ў гэтым годзе ідзе мірны флэшмоб. На цэнтральнай плошчы Леніна збіраюцца дзясяткі, а то і сотні чалавек, і ў знак пратэсту супраць будаўніцтва завода акумулятарных батарэй ідзе “кармленне галубоў”. Такі маўклівы і падкрэслена мірны пратэст.

У Светлагорску 15 верасня 2018 года больш за 200 чалавек сабраліся вакол цэнтральнай плошчы горада. Людзі прыйшлі ў медыцынскіх павязках і з зялёнымі шарыкамі. Мясцовыя ўлады, каб сарваць гэтую мірную акцыю, павялі сябе вельмі цынічна. Яны вывелі на плошчу дзяцей, якія танцавалі і пускалі ўгару чырвоныя шары. Гэткім быў адказ ўлад на экалагічны пратэст.

Светлагорцы пратэстуюць супраць будаўніцтва завода беленай цэлюлозы. Фота: Радыё Рацыя.
Светлагорцы пратэстуюць супраць будаўніцтва завода беленай цэлюлозы. Фота: Радыё Рацыя.

І ў Брэсце, і ў Светлагорску, здавалася б, непалітычныя акцыі сутыкаюцца з забаронай і абмежаваннем грамадзянскіх правоў, у прыватнасці права на мірныя сходы. Любімая фраза царскіх жандараў “Больш за трох не збірацца” стала залатым правілам для беларускіх выканаўчых улад. У Светлагорску на адзінае адведзенае выканкамам для мітынгаў і сходаў месца – стадыён “Папернік”, які стаіць у лесе за высокім бетонным плотам, – ініцыятыўная група падала сёлета 11 (!) заявак на правядзенне мітынгаў і пікетаў супраць будаўніцтва завода беленай цэлюлозы. І не атрымала ніводнага дазволу! Стадыён часта стаіць пусты, паміж соснаў бегаюць вавёркі, а светлагорцам сабрацца, пагаварыць на жыццёва важныя і балючыя для іх праблемы – ані-ні. Улады баяцца людзей. Якія далёкія яны ад народа!

У выніку актывісты гэтых экалагічных кампаній пратэсту, блогеры і журналісты, якія асвятляюць акцыі пратэсту, праваабаронцы, якія дапамагаюць актывістам, часта пераследуюцца. Улады спрабуюць дыскрэдытаваць іх, ціснуць на іх, судзяць, штрафуюць, садзяць на суткі, урываюцца ў памяшканні, але праз гэта канчаткова губляюць рэшткі павагі да сябе. Гэта небяспечная гульня – пляваць на народ і лічыць, што ён можа вытрымаць любы здзек і прынуку.

“Чаго ж дабіліся людзі, апроч штрафаў ды іншых пакаранняў за сваю актыўнасць?” – спытае песіміст. Дабіліся! Мінскія цэнтральныя ўлады, якія рабілі выгляд, што нічога не адбываецца, былі вымушаны даць задні ход. І па адным і па другім праекце будаўніцтва шкодных заводаў прызначана паўторная экалагічная экспертыза, якую будзе праводзіць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Вытворчасць у Светлагорску беленай цэлюлозы прыпынена, урэшце будзе закуплена абсталяванне для вымярэння забруджвання паветра. Міністэрства прызнала, што смярдзючыя газы, якія ўтвараюцца на вытворчасці, увогуле не павінны трапляць у паветра. Гэта яшчэ не перамога, але верны шлях да яе.

У гэтым годзе групы экалагічных актывістаў Брэста і Светлагорска, адстойваючы сваё права на чыстую зямлю і паветра, паказалі ўсім нам, дзевяці з паловай мільёнам беларусаў, якія жывуць у Мінску і Наваполацку, у Чарнобыльскай зоне і каля Беларускай АЭС, як трэба змагацца за свае правы.

Спецыяльна для "Народнай Волі".

Крыніца: Алесь Бяляцкі: "Гэта яшчэ не перамога, але верны шлях да яе"