У Маскве памерла праваабаронца, адна з заснавальніц Маскоўскай Хэльсінкскай групы Людміла Аляксеева. Яе ня стала вечарам 8 снежня ў маскоўскай лякарні, піша Радыё Свабода.
Пра гэта паведаміў кіраўнік Рады па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі Міхаіл Фядотаў са спасылкай на галоўнага лекара 15 маскоўскай гарадзкой лякарні.
Па словах Фядотава, яшчэ ў пятніцу, з бальнічнай палаты, праваабаронца працавала і давала даручэньні сваёй памочніцы. Людміле Аляксеевай быў 91 год.
Аляксеева нарадзілася ў Еўпаторыі ў 1927 годзе, скончыла гістарычны факультэт МДУ і асьпірантуру Маскоўскага эканоміка-статыстычнага інстытута. Удзельнічала ў выданьні падпольнага савецкага праваабарончага бюлетэня «Хронікі бягучых падзей».
Людміла Аляксеева займалася праваабарончай дзейнасьцю амаль 50 гадоў, пачынаючы з першых пратэстаў супраць арышту і асуджэньня ў 1966 годзе пісьменьнікаў Андрэя Сіняўскага і Юрыя Даніэля, якія публікавалі свае кнігі за мяжой у абыход цэнзуры. Яна стала адным зь ініцыятараў аказаньня матэрыяльнай дапамогі палітычным зьняволеным і іх сем’ям. У 70-я ёй пагражала пазбаўленьне волі за распаўсюд самвыдату, праз што Аляксеева была вымушана эміграваць у ЗША, дзе пражыла 15 гадоў.
У эміграцыі працягвала пісаць і распавядаць пра гісторыю іншадумства ў СССР. Вярнуўшыся ў Расею ў 1993, праваабаронца ўзначаліла Маскоўскую Хэльсінкскую групу (МХГ), якая займаецца маніторынгам парушэньняў правоў чалавека.
«Для людзей, якія жылі ў Расеі ў нулявыя, Людміла Аляксеева — ня столькі савецкі дысыдэнт або гісторык дысыдэнцкага руху, колькі герой грамадзянскага супраціву той уладзе, якая ёсьць цяпер, чалавек, які мітынгаваў супраць гэтай улады яшчэ да таго, калі гэта стала модна, чалавек, які пратаптаў нам усім дарогу на Балотную і на тыя вуліцы і плошчы, якія былі пасьля яе», — напісаў публіцыст Алег Кашын у фэйсбуку.