Экалагічную актывістку і трэнерку Юлію Маклюк знялі з начнога цягніку Кіеў-Мінск, паведамляе "Зялёны партал". Яна ехала ў Мінск для ўдзелу ў Міжнародным форуме валанцёраў і прыхільнікаў "На твоей стороне", арганізатарам якога выступіла "Зялёная сетка".
Актывістка адзначае:
"Звярталіся ветліва, прэтэнзій няма. Аднак прычыну адмовы не растлумачылі, толькі паставілі штамп у пашпарце: "Уезд забаронены". Без паняцця, з чым гэта звязана. Магчыма, з актывізмам, але сцвярджаць не магу".
На колькі актывістцы забаранілі ўезд у Беларусі, памежнікі не паяснілі. На форуме Юлія мусіла правесці трэнінг па выгаранню ў актывісцкім асяроддзі.
Учора таксама стала вядома аб масавай забароне на ўезд у Польшчу экалагічных актывістаў, у тым ліку з Украіны. Усе яны мелі намер прыняць удзел у перамовах ААН па клімаце, якія адбываюцца ў Катавіцы. Юлія ж не ўпэўнена, што тут есць сувязь:
"Не думаю, што гэта звязана, я туды не збіралася".
У сваю чаргу, праваабаронца Наста Лойка з Human Constanta мяркуе:
"Цяжка даваць адназначныя ацэнкі, але мне падаецца, што гэта звязанае з аб'яднанай базай "непажаданых асобаў" Беларусі і Расіі. Але ў любым выпадку, гэта павінны былі патлумачыць на мяжы. Варта рабіць дадатковыя запыты і абскарджваць такія дзеянні".
Крыніца: Беларускія памежнікі не пусцілі ў краіну ўкраінскую экалагічную актывістку