10 снежня святкуецца Сусветны дзень правоў чалавека. У гэтым годзе гэтая дата знамянальная яшчэ тым, што роўна 70 год таму быў прыняты адзін з самых важных дакументаў па правах чалавека — Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Яна прасякнута духам барацьбы з дыскрымінацыяй, перакананнем, што ўсе людзі роўныя і маюць роўныя правы. Хоць Беларусь і з’яўляецца яе ўдзельнікам, у нашай краіне ўсё роўна шырока парушаюцца фундаментальныя правы чалавека, абвешчаныя Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека. На абарону кожнага права, абвешчанага Дэкларацыяй, у Беларусі ёсць свой праваабаронца, а то і цэлая праваабарончая арганізацыя. Яны змагаюцца кожны дзень, каб дамагчыся правоў чалавека і захаваць іх. “Вясна” спытала ў беларускіх праваабаронцаў Валянціна Стэфановіча і Андрэя Бастунца, чаму Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека застаецца такой жа актуальнай, як і 70 год таму.
Артыкул 20 Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. 1. Кожны чалавек мае права на свабоду мiрных сходаў i асацыяцый. |
Валянцін Стэфановіч займаецца абаронай правоў чалавека ў ПЦ "Вясна" каля 20 гадоў.
"Права на свабоду мiрных сходаў гарантавана Дэкларацыяй правоў чалавека, а таксама Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных парвах. Чаму гэтае права важнае і актуальнае для ўсіх нас? Свабода мірных сходаў з’яўляецца адным з асноватворных элементаў дэмакратыі. Бо яна дазваляе нам, грамадзянам, выказваць сваё меркаванне, ці пратэст, ці проста абмяркоўваць нейкія праблемныя пытанні, якія закранаюць нашыя непасрэдныя правы і інтарэсы. І дзякуючы гэтаму праву, мы можам данесці свой погляд на тую ці іншую праблему да ўладаў, а таксама праінфармаваць іншых грамадзян.
Як гэта мусіць працаваць? Згодна з міжнароднымі стандартамі, мы можам даносіць свае погляды, меркаванні ў непасрэднай блізкасці да той аўдыторыі, якая павінна іх пачуць. То бок побач з тым месцам, дзе яна знаходзіцца. І гэтае права мусціь быць забяспечана дзяржавай.
А што мы бачым у Беларусі? Хоць наша Канстытуцыя і гарантуе гэтае права, але, на жаль, у нас яно суправаджаецца шматлікімі абмежаваннямі. Так, мы не можам збірацца непасрэдна каля тых мэтавых аўдыторый, якім мы адрэсуем свой пратэст ці меркаванне. Напрыклад, каля будынку Мінгарвыканкаму ці будынку нейкага міністэрства. Нам дазволена гэта рабіць толькі ў загадзя вызначаных уладамі месцах, як правіла, у парках ці стадыёнах на ўскрайках гарадоў, вельмі непрыдатных для правядзення сходаў. Да таго ж – у дазваляльным парадку.
Усё гэта даводзіць да абсурду саму сутнасць свабоды мірных сходаў. Бо стаяць і праводзіць пікет на пустым стадыёне – гэта канешне не пра тое, пра што напісана ў Дэкларацыі правоў чалавека.
І таму, улічваючы ўсё гэта, нам вельмі важна дамагацца, каб гарантаванае нам права магчыма было рэалізоўваць з як мага меншымі абмежаваннямі з боку дзяржавы".
Артыкул 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў i на свабоднае выражэнне iх; гэта права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлiвацца сваiх перакананняў i свабоду шукаць, атрымлiваць i распаўсюджваць iнфармацыю i iдэi любымi сродкамi i незалежна ад дзяржаўных гранiц. |
Старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец займаецца абаронай свабоды слова ў Беларусі ўжо доўгі час.
“Свабода слова не ёсць уседазволенасць”, – кажуць час ад часу беларускія чыноўнікі. І маюць рацыю. Бо свабода слова не адносіцца да абсалютных правоў і свабод. Але ж пры гэтым — тычыцца абсалютна кожнага.
На жаль, з рэалізацыяй гэтага права ў Беларусі ўзнікаюць праблемы. Так, у Крымінальным кодэксе ёсць шэсць артыкулаў, якія устанаўліваюць адказнасць за дыфамацыю. Такіх артыкулаў ў дэмакратычным свеце ўжо даўно няма.
Усё часцей і часцей беспадстаўна выкарыстоўваецца заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для падаўлення свабоднага слова. Змены ў заканадаўства аб СМІ, якія ўступілі ў сілу 1 снежня, прадугледжваюць абавязковую ідэнтыфікацыю. каментатароў на беларускіх інтэрнет-рэсурсах. Вядома, гэтыя змены закранулі не толькі прадстаўнікоў медыя, але і ўсіх, хто каментуе публікацыі на сайтах ці форумах.
Больш за тое, у Беларусі можна панесці пакаранне і за цалкам пазітыўныя матэрыялы пра краіну. Толькі ў гэтым годзе суды больш за 100 разоў штрафавалі журналістаў-фрылансераў, матэрыялы якіх з’яўляліся ў замежных медыя. А так званая “справа БелТА” , па якой абвінавачваліся 15 журналістаў, паказала, як супраць журналістаў могуць выкарыстоўвацца і тыя артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія, здавалася, мусілі б ужывацца супраць хакераў. Толькі гэта не запужала журналістаў, а наадварот – выклікала хвалю салідарнасці і падтрымкі.
Магчыма, шмат хто хацеў бы, каб незалежныя галасы замоўклі. Але ж гэтага не адбудзецца. Бо, як я ўжо казаў, свабода выказвання тычыцца абсалютна кожнага. Свабода слова не толькі адносіцца да фундаментальных правоў і свабод чалавека, але і ёсць крытэрыем захавання ўсіх астатніх правоў".
Чытаць таксама:
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Слова праваабаронцам (Алесь Бяляцкі і Дзіна Шаўцова)
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Слова праваабаронцам (Павел Сапелка і Наста Лойка)
Крыніца: Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Слова праваабаронцам. Частка 3