Усе найважнейшыя міжнародныя дакументы ў галіне правоў чалавека гарантуюць нам права збірацца дзеля таго, каб калектыўна выказваць свае думкі, і права ўтвараць аб’яднанні з іншымі людзьмі. Па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы”, у прававым лікбезе ад “Вясны” раскрываем права на мірныя сходы і асацыяцый.

Дзе замацавана свабода мірных сходаў і асацыяцый?

Артыкул 20 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека складаецца з дзвюх частак. І хоць у абедзвюх гаворка ідзе пра калектыўныя выказванні меркаванняў і сумесныя дзеянні дзеля іх адстойвання, кожная частка абараняе даволі розныя формы такой дзейнасці. 

Першая частка абараняе права кожнага і кожнай з нас арганізоўваць мірныя сходы ці браць у іх удзел.

Што такое "сход", якія яны бываюць і дзе могуць праводзіцца?

У адным са сваіх дакументаў Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе тлумачыць сход як “наўмысную і часовую прысутнасць у пэўным месцы групы людзей, якія маюць намер выказаць свае агульныя інтарэсы”.

Форма і месца правядзення мірных сходаў могуць быць рознымі: гэта можа быць і статычны мітынг, і шэсце. Яны могуць праводзіцца і на дзяржаўнай, і на прыватнай тэрыторыі, і пад адкрытым небам, і ў памяшканні.

Якія ўмовы павінны выконвацца, каб сход трапіў пад абарону?

Сходы з ужываннем гвалту не абараняюцца міжнародным правам. Гэта не азначае, што ўдзельнікі сходу павінны быць “белымі і пухнатымі” ды ўсім падабацца, - абвешчаныя лозунгі могуць бянтэжыць, шакіраваць і нават абражаць пэўную частку грамадства, самі сходы могуць выклікаць часовыя нязручнасці і ствараць перашкоды дзеянням іншых асобаў, але ў любым выпадку мэта сходу і намеры арганізатараў павінны быць мірнымі, а ўдзельнікі павінны ўстрымлівацца ад гвалтоўных дзеянняў.

Якая роля ўладаў у рэалізацыі права на мірныя сходы грамадзянаў?

Права на мірныя сходы па сваёй прыродзе з’яўляюцца свабодай. Гэта азначае, што для таго, каб яно было выкананае, уладам перш за ўсё трэба не перашкаджаць людзям праводзіць сходы. Але яно накладвае на ўлады яшчэ і абавязак зрабіць усё неабходнае дзеля таго, каб папярэдзіць усё, што можа перашкодзіць правядзенню такіх сходаў. Паўнамоцныя органы дзяржавы павінны паклапаціцца пра бяспеку як для ўдзельнікаў сходу, так і для іншых людзей, якія не бяруць у ім удзел. Для дзяржавы гэтая задача можа быць не такой і простай, і ўлада нярэдка замест гэтага выбірае забарону сходаў. Але ў многіх выпадках такая забарона прызнаецца Камітэтам па правах чалавека і Еўрапейскім судом неабгрунтаванай і парушаючай свабоду сходаў.

Так, 8 лістапада 2018 года КПЧ ААН прызнаў, што Беларусь парушыла права сябра Савета прафсаюза РЭП Андрэя Стрыжака на мірны сход і выказванне меркавання: 3 ліпеня 2012 года ў афіцыйны Дзень Незалежнасці актывіст заявіў у цэнтральнай частцы Рэчыцы мірны сход, падчас якога хацеў звярнуць увагу грамадскасці і пратэставаць супраць пераследу незалежнага прафсаюза на "Граніце". Мясцовыя чыноўнікі забаранілі прафсаюзніку публічна казаць пра пераслед незалежнага прафсаюза.

У сваім рашэнні Камітэт адзначыў аб неабходнасці прывядзення беларускага заканадаўства ў гэтай частцы і практыкі яго прымянення ў адпаведнасць з патрабаваннямі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Акрамя таго, беларускі ўрад абавязаны выплаціць на карысць актывіста ўсе панесеныя па справе выдаткі, уключаючы кампенсацыю. 

Для правядзення мірных сходаў у большасці дэмакратычных краінаў не патрабуецца дазвол ад органаў улады. Арганізатарам сходу дастаткова апавясціць органы мясцовага самакіравання пра час і месца правядзення сходу.

Якія ўмовы для правядзення мірных сходаў у Беларусі?

У Беларусі дагэтуль, каб правесці мірны сход неабхода звярнуцца з заявай, каб атрымаць дазвол ці адмову на правядзенне масавага мерапрыемства. Зусім недаўна былі прынятыя змены ў закон “Аб масавых мерапрыемствах”, паводле якіх з 26 студзеня 2019 года можна будзе праводзіць мірныя сходы па паведамляльным прынцыпе. Аднак праваабаронцы лічаць, што ўнесеныя змены не надта палепшаць сітуацыю з гэтай свабодай, бо месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў па-ранейшаму будуць вызначацца мясцовымі органамі ўлады, а адной з падставаў для адмовы з’яўляецца тое, што нехта раней падаў сваё паведамленне на правядзенне схода ў вызначыным месцы.  

Акрамя таго, як і раней ад арганізатараў патрабуецца аплата па  ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні і прыборцы тэрыторыі, аднак зараз кошт будзе вызначацца не мясцовымі органамі ўлады, а адзінай пастановай Савету міністраў.

Унесеныя ў закон змены так і не прадугледжваюць і не дапускаюць правядзення спантанных акцый і контрдэманстрацый, што значна абмяжоўвае грамадзян у іх праве на свабоду мірных сходаў.

Ці ўсім групам насельніцтва гарантаванае права на мірныя сходы?

Дыскрымінацыйныя абмежаванні права на мірныя сходы не дапускаюцца: нельга забараняць правядзенне мірных сходаў прадстаўнікам этнічных, сацыяльныя або любых іншых меншасцяў.

Парушаючым свабоду сходаў была прызнаная Еўрапейскім судом забарона ўрада Масквы на правядзенне гей-прайду (дэманстрацыі прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў) па справе Мікалая Аляксеева супраць Расійскай Федэрацыі. Расійскія ўлады спасылаліся  на традыцыйнае для расійскага грамадства непрыманне ЛГБТ-супольнасці і апраўдвалі забарону спробай папярэдзіць напады на дэманстрацыію геяў і лесбіянак. Але суд убачыў у такіх дзеяннях дыскрымінацыю і пастанавіў, што забарона шэсця была неправамернай.

Непаўналетнія могуць прэтэндаваць на абарону гэтага права гэтак жа, як і дарослыя людзі. Таму такой жа неправамернай і дыскрымінацыйнай можа быць прызнаная забарона вучням або студэнтам арганізоўваць мітынгі, дэманстрацыі ці перформансы, у тым ліку і на тэрыторыі навучальных устаноў.

А што наконт контрдэманстрацый?

Абараняецца таксама і права на правядзенне контрзбораў. У выпадках, калі ў адным месцы адначасова праводзяцца сходы, удзельнікі якіх хочуць выказаць супрацьлеглыя погляды, дзяржава павінна зрабіць усё, каб прадухіліць сутыкненне і забяспечыць абодвум бакам магчымасць правесці сход. Калі ўлада не зможа абараніць дэманстрантаў або контрдэманстрантаў ад праяваў узаемнай агрэсіі, то з вялікай доляй верагоднасці можна будзе канстатаваць парушэнні свабоды мірных сходаў. Так было і ў справе “ОМО Іліндэн”, дзе ўлады Балгарыі не зрабілі нічога для таго, каб абараніць дэманстрантаў ад іх праціўнікаў.

Ці можна не ўдзельнічаць у сходах увогуле?

Свабода мірных сходаў абараняе нашае права як удзельнічаць у сходах, так і ўстрымлівацца ад удзелу ў іх. Таму прымус браць удзел у той ці іншай дэманстрацыі або мітынгу таксама будзе парушэннем гэтага права.

Што ж такое асацыяцыі?

Гаворачы аб асацыяцыях, таксама маецца на ўвазе сумесная дзейнасць людзей дзеля дасягнення пэўнай мэты, але гэтая дзейнасць носіць крыху іншы характар – яна значна больш працяглая, чым у выпадку мірных сходаў, больш фармалізаваная і адрозніваецца наяўнасцю арганізацыйнай структуры (органаў кіравання і зацверджаных працэдур прыняцця рашэнняў). Гэта могуць быць палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, прафесійныя або творчыя саюзы. На ўзроўні школы ці ВНУ гэта можа быць любая арганізацыя самакіравання або суполка вучняў, створаная дзеля дасягнення агульных інтарэсаў.

Якія абавязальніцтвы ёсць у дзяржавы, каб гарантаваць свабоду асацыяцый?

Для рэалізацыі свабоды асацыяцыяў дзяржава павінна стварыць умовы, якія максімальна спросцяць працэдуру рэгістрацыі для жадаючых аб’яднацца ў тую ці іншую арганізацыю. Акрамя гэтага, дзяржаве забаронена ўмешвацца ў дзейнасць арганізацый, спрабаваць уплываць на абранне кіруючых органаў і вызначэнне працэдур самакіравання. Дзяржава не можа дыктаваць арганізацыям, чым і якім чынам яны павінны займацца – мэты і метады дзейнасці выбіраюць выключна самі людзі, якія стварылі аб’яднанне. Таксама надзвычай сур’ёзнымі і грунтоўнымі павінны быць падставы для забароны дзейнасці ўжо існуючага аб’яднання грамадзянаў.

І гэтак жа, як і ў выпадку мірных сходаў, людзі маюць права самі ствараць асацыяцыі, выбіраць арганізацыю, у якую хочуць увайсці, а таксама ўстрымлівацца ад удзелу ў працы арганізацый, мэты і прынцыпы якіх яны не падзяляюць. З гэтага пункту гледжання парушэннем свабоды асацыяцыяў будуць як стварэнне перашкодаў для заснавання арганізацый або стварэння перашкодаў для ўступленння асобы ў асацыяцыю, так і прымус людзей уступаць у тую ці іншую арганізацыю ці партыю.

Чытайце таксама пра Паходжанне правоў чалавека, Чалавечую годнасцьПрынцыпы правоў чалавекаСалідарнасцьНедыскрымінацыю, Абмежаванні, Свабоду ад катаванняў, Права на жыццёСмяротнае пакаранне ў Беларусі, Вяршэнства праваПрыватнасць, Свабоду сумлення і веравызнанняСвабоду выказвання меркавання, Свабоду і асабістую недатыкальнасць.

Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.

У распрацоўнцы стэндаў выкарыстаны фотаздымкі і ілюстрацыі з конкурсаў, якія праводзіліся Усеўкраінскай асветнай праграмай “Разумеем правы чалавека”, Украінскім Хельсінкскім саюзам правоў чалавека, грамадскай арганізацыі “М’АРТ”.

Крыніца: Кожны мае права: Свабода мірных сходаў і асацыяцый