Сустрэча-абмеркаванне Дэкрэту №1 29 лістапада 29 лістапада на офісе незалежнага прафсаюза РЭП адбылася сустрэча, падчас якой прафсаюзныя актывісты і праваабаронцы абмеркавалі тыя праблемы, якія можа пацягне за сабой дзеянне новай версіі Дэкрэту аб садзейнічанні занятасці насельніцтва (Дэкрэт №1).

Сярод удзельнікаў сустрэчы былі Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік (Прафсаюз РЭП), Павел Сапелка (Праваабарончы цэнтр “Вясна”), Алег Волчак (“Прававая дапамога насельніцтву”), Гары Паганяйла (Беларускі Хельсінкскі камітэт), Васіль Завадскі (“Тайм-Акт”) ды іншыя.

У чым розніца паміж сумна вядомым Дэкрэтам №3 і яго мадыфікацыяй Дэкрэтам №1? Усе ўдзельнікі мерапрыемства ўпэўнены, што хоць фармулёўкі змяніліся, сутнасць дакумента засталася тая ж самая – прымус да працы.

Павел Сапелка, юрыст Праваабарончага цэнтры “Вясна”:

"Не трэба глядзець на тое, што ў самім дэкрэце яго мэта пазначана як садзейнічанне занятасці насельніцтва. Асноўная ідэя новага дэкрэту застаецца той, што была і ў папярэдняй версіі, Дэкрэту №3: прымус да працы ўсіх працаздольных асобаў. І ў гэтым кантэксце жаданне чалавека працаваць абумоўлена не яго свабодным выбарам, а толькі тым, каб пазбегнуць санкцый".

Юрыст “Вясны” таксама не абмінуў увагай пытанне лячэбна-працоўных прафілакторыяў. Згодна з палажэннямі Дэкрэту, камісіі па рэалізацыі яго нормаў могуць прымаць рашэнне  аб накіраванні беспрацоўных грамадзян у ЛПП.

"З тых фармулёвак, якія ўтрымліваюцца ў дакуменце, можна зрабіць выснову, што ў ЛПП могуць трапіць безпрацоўныя людзі, якія злоўжываюць спіртным, але пры гэтым не здзяйснялі аніякіх правапарушэнняў. Прычым каб туды трапіць, рашэння суда будзе не трэба, а дастаткова будзе адпаведнага рашэння камісій па рэалізацыі нормаў Дэкрэту".

Пытанне накіравання беспрацоўных у ЛПП закрануў і праваабаронца Васіль Завадскі.

"Згодна Дэкрэту, камісіі па “дармаедах” могуць накіроўваць у ЛПП грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Але што гэта значцыць? Як вызначыць, якіі лад жыцця з’яўляецца асацыяльным, а які не? Ні ў адным з законаў не даецца вызначэнне дадзенаму тэрміну. Безумоўна такая фармулёўка значна пашырае падставы для накіравання людзей ў ЛПП".

Калі глядзець з пункту гледжання рынкавай экономікі, то таксама відавочна праблема з Дэкрэтам №1. Прымус да парцы парушае сам прынцып фармавання працоўнага рынку.

“Напрыклад, людзі з вышэйшай адукацыяй, якія не могуць у пэйны перыяд часу знайсці сабе працу, дзякуючы Дэкрэту вымушаны будуць ісці на працу з мінімальным заробкам на шкоду сваёй прафесіі”, - адзначыў юрыст Алег Волчак.

Юрыст БХК Гары Паганяйла таксама адзначыў прымусовы характар Дэкрэту №1 і звярнуў увагу на праблему накіравання ў ЛПП. Акрамя гэтага, шмат пытанняў выклікае стварэнне так званай базы дадзеных “дармаедаў”.

“Кажуць, што ўжо першага снежня ў адкрытым доступе мусіць з’явіцца гэта база. Але якія дадзеныя, акрамя прозвішча і імя, там будуць утрымлівацца? Ці не будзе ісці гаворка пра разгалошванне асабістых дазеных? Калі так, то з гэтым разгалошваннем чалавек, які туда трапіў, мусіць змагацца”.

Падчас сустрэчы прагучала яшчэ шмат пытанняў. Напрыклад, што рабіць тым, хто доўгі час (больш за паўгады) знаходзіцца на лячэнні ці рэабілітацыі? А тым, хто атрымлівае даход раз на год, напрыканцы года? А тым, хто працуе доўгі час за мяжой? На іх Дэкрэт №1, на жаль, не дае канкрэтных адказаў, аднак менавіта такім катэгорям грамадзян можа спатрэбіцца юрыдычная дапамога.

Акрамя гэтага, падчас дыскусіі гучала пытанне адносна таго, ці выклікае Дэкрэт новую хвалю пратэстаў. Па меркаванні прысутных, гэтага цалкам верагодна, але бліжэй да вясны.

Пасля доўгай дыскусіі яе ўдзельнікі распрацавалі прыкладны план далейшых дзеянняў. Па словах Генадзя Фядыніча, у хуткім часе прафсаюзныя і праваабарончыя арганізацыі зробяць заяву адносна таго, чаму Дэкрэт №1 трэба адмяніць. Таксама юрысту выказалі сваю гатоўнасць аказваць юрыдычную дапамогу тым грамадзянам, хто вырашыць змагацца з тым, што трапілі ў спіс “дармаедаў”. Да таго ж, удзельнікік сустрэчы распачынаюць працы над стварэннем спецыяльных памятак-інструкцый для тых катэгорый грамадзян, якія трапяць пад дзеянне Дэкрэту.

Крыніца: “Фармулёўкі новыя, а сутнасць тая самая”. Праваабаронцы і прафсаюзныя актывісты абмеркавалі Дэкрэт №1 Аўдыё