Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына. Фота Радыё Свабода Следчы камітэт спыніў крымінальную справу супраць галоўнай рэдактаркі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыны Леўшынай, паведамляе "Радыё Рацыя".

Раней ёй было прад’яўлена абвінавачванне па частцы 2 артыкула 349 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі). Такім чынам, з 15 фігурантаў так званай “справы БелТА” аб несанкцыянаваным доступе да ленты навінаў гэтага дзяржаўнага тэлеграфнага агенцтва абвінавачанай па частцы 2 артыкулу 425 КК – бяздзейнасць службовай асобы, застаецца толькі галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава.

Ірына Леўшына лічыць, што гэтая справа – спроба запалохаць незалежных журналістаў:

"Магчыма гэта была праверка, наколькі паддаюцца ціску журналісты. Я чамусьці думаю, спадзяюся, што ім было з намі нялёгка працаваць. Я ведаю, што многія фігуранты не вялі сябе як ахвярныя авечкі. І па праўдзе кажучы, нейкай радасці я не адчуваю. Мяне ўсе віншуюць. І такое адчуванне спустошанасці і стомленасці. І насамрэч віншаваць асабліва няма з чым. Бо сама гэтая справа дутая. Выкачалі з людзей кучу грошай, а з нашай прафесіяй іх ні ў кога няма. Усё гэта вельмі непрыемна".

Па меркаванні Ірыны Леўшынай, Следчы камітэт быў толькі выканаўцам. А ўся справа была заказана і зрэжысавана на ўзроўні дзяржаўных ідэолагаў. Але перамогі ў гэтай справе яны не атрымалі. А хутчэй за ўсё, наадварот, – лічыць Ірына Леўшына. Па яе меркаванні, тыя, хто ініцыяваў гэтую справу, не разлічвалі на такую рэакцыю, і не толькі з боку міжнародных структураў. У Беларусі грамадства, журналісцкая супольнасць праявілі салідарнасць і выказалі моцную падтрымку тым, хто патрапіў пад крымінальны пераслед.

Крыніца: Спынены крымінальны пераслед Ірыны Леўшынай